Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойства ў цэнтры Эўропы. Дом, дзе вырас забойца


Маці Вадзіма М. Аксана

19 жніўня Менскі абласны суд пачаў разглядаць справу аб падвойным забойстве ў стаўпецкай школе № 2. Свабода публікуе новую кнігу журналіста Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы». Праз гісторыю горада Стоўпцы, мясцовыя легенды і меркаваньні стаўпецкіх людзей аўтар спрабуе зразумець матывы злачынства, якое скаланула ўсю Беларусь.

На працягу некалькіх хвілін раніцай 11 лютага Вадзім М. зьмяніў жыцьцё ня толькі семʼяў ахвяраў, але і спакойнае жыцьцё сваёй сямʼі. Жыць у адным горадзе са сваякамі забітых, хадзіць зь імі па тых самых вуліцах, крамах заўсёды будзе няпроста.

Паразмаўляць зь Віталём і Аксанай я паспрабаваў у дзень, калі завершылася сьледзтва. Нашыя дзяды ведалі адзін аднога і я лічыў, што гэта дапаможа ў размове.

— Добры дзень, я Гурневіч з Налібак.

— Добры дзень. Мы вас не заказвалі, - адказвае Віталь, унікаючы майго позірку.

Гляджу на маці Вадзіма. Мне падаецца, што яна хоча са мной пагаварыць, бо глядзіць мне ў вочы і робіць пару крокаў у мой бок. Але гэтыя пару крокаў толькі дзеля таго, каб сьцішаным голасам адмовіць у размове.

— У іх спакойная сямʼя, і заўсёды ціха. Я ні разу ня чула ні плачу, ні крыкаў, ні сварак. Ні пʼянак, ні боек. Я вам скажу адно, дома яго гэтаму не навучылі, — кажа мне іхная суседка.

Мы стаім каля плота і глядзім на двор праз дарогу. Гэты будынак бацькі Вадзіма М. купілі некалькі гадоў таму, зрабілі прыбудоўку, рамантуюць знутры і звонку. Абое бацькоў працуюць у камунгасе.

— Усё Віталік сам робіць. Калі яны сюды прыехалі, дык ён прыйшоў да мяне знаёміцца, бо ведае майго сына. Кажа, вот, сын ваш заняты, дык давайце я вам памагаць буду, калі што. Я гавару, ды тут няма такой работы. Але ён раз прыйшоў, выкасіў усё. Потым другі раз прыйшоў. А сын мой пакасіў ужо і сам. Але ён кажа: — Гэта ён панадкошваў, я зараз усё папраўлю. Я яму грошы прынесла, хацела заплаціць, а ён кажа — не, вы што, вы мяне крыўдзіце. Прыяжджае да нас сьмецьцявоз, ён бяжыць праз вуліцу памагаць мне. Вельмі харошы той Віталік. І жонка яго добры чалавек. Яна заўсёды, калі едзе машынай, адчыніць акно і паздароўкаецца, махне галавой.

Самога Вадзіма суседка бачыла рэдка. Маці часта падвозіла яго зь сястрой у школу на машыне. Пра хлопца яна кажа тое самае, што і дзясяткі іншых сьведак — ціхі, спакойны, добра вучыўся.

— А вот дома я нават ня бачыла, каб ён хадзіў і нешта рабіў па двары. Калі бацька нешта робіць, то ён у хаце сядзеў. Вокны вот Віталік рабіў, дык усё сам. Вадзім яму не памагаў. І Віталік сам кажа: — Ён жа пастаянна дома, ні ў якія кампаніі ня лез.

У пакоі Вадзіма М.
У пакоі Вадзіма М.

Іншыя суседзі распавялі мне, што аднойчы быў такі выпадак. На суседняй вуліцы жыў ягоны знаёмы, які вельмі хацеў дружыць з Вадзімам. Але ён кепска ўплываў на хлопца, і тады бацькі забаранілі Вадзіму зь ім сябраваць. Маці падводзіла Вадзіма ў школу празь некалькі кварталаў, каб мінуць вуліцу таго другога, і далей сын ішоў сам. Але той хлапец пільнаваў Вадзіма і ішоў рэшту дарогі да школы разам зь ім.

— Вадзім яму казаў, што мне нельга з табой дружыць, бо мама і тата не дазваляюць. А той тады сказаў: — Калі ня будзеш сябраваць, дык я буду цябе біць. Вот так нават было.

Дзёньнік Вадзіма М.
Дзёньнік Вадзіма М.

На наступны год бацькі ўжо думалі, што трэба будзе наймаць рэпэтытараў, каб паступаць на юрыдычную спэцыяльнасьць. Пра гэта майму калегу Антону Трафімовічу на наступны дзень пасьля забойства распавяла Вадзімава маці:

— На пракурора не хацеў, хацеў вызваляць людзей, а не саджаць, — кажа маці Аксана.

Але бацькі мяркуюць, што пры ягонай цікаўнасьці да анатоміі яму варта было б падумаць пра прафэсію хірурга.

— Ён вельмі шмат любіў чытаць. Асабліва энцыкляпэдыі па анатоміі, — кажа маці Аксана.

Бацька ніколі ня чуў, каб у Вадзіма былі праблемы ў школе і кажа, што сын добра вучыўся, сямёркі ў дзёньніку лічыліся дрэннай адзнакай.

— Бо я ведаю, што ён можа і лепш вучыцца, — сказала маці.

Калі ён быў у 8-й клясе, за пасьпяховую вучобу настаўнікі прапаноўвалі перавесьці Вадзіма ў клясу, дзе навучаюцца больш падрыхтаваныя дзеці. Але Вадзім сам адмовіўся, вырашыў застацца ў ранейшай клясе.

У школе на ягоныя паводзіны ня скардзіліся. Так бацькі і настаўнікі кажуць журналістам. Бацька ня памятае, каб сын каго зьбіваў. Толькі згадвае, як у восьмай клясе Вадзіма зьбілі ў прыбіральні іншыя школьнікі. Але Віталь тады пагаварыў з бацькамі тых дзяцей, і працягу ў гісторыі не было. Бацька кажа, што хлопец ня піў і не курыў. Праўда, у дзень затрыманьня ў ягоным заплечніку знайшлі пачак цыгарэт, што зьдзівіла бацьку.

— Я сам не куру і моцна адчуваю пах тытуню. Ад Вадзіма ніколі ня пахла, — сказаў бацька.

Паводле Віталя М., ягоны сын фізычна моцны. Дома ў яго былі гантэлі.

— Не паверыце, але ён мог 100 разоў падцягнуцца, — кажа ён.

Пра забітага Сашу Раманава бацька даведаўся толькі з навінаў. Чаму сын напаў менавіта на яго, ня ведае.

У пакоі Вадзіма М.
У пакоі Вадзіма М.

— Разумееце, ня можа проста так гэта быць, — кажа Віталь. — Той хлопец сядзеў за апошняй партай, і Вадзім жа пайшоў менавіта да яго.

Пазьней на допыце сам Вадзім скажа, што забіў Сашу Раманава выпадкова.

Таксама Віталь ня чуў, каб у сына былі праблемы з Марынай Пархімовіч. Тым ня менш, на допыце Вадзім сказаў, што настаўніцу ён забіў сьвядома.

Пра знойдзеную ў хлопца піратэхніку бацька ведае. Гэта каляровыя дымавыя шашкі, якія ляжалі ў іх дома. Ён сам іх купляў на Новы год. А вось нажа, якім Вадзім забіў дваіх чалавек, дома не было. Гэта сьцізорык, якога Віталь раней ня бачыў. Пазьней высьветліцца, што сын набыў яго за некалькі дзён да забойства.

Бацькі кажуць, што адразу не паверылі, што іхны сын некага забіў.

— Я размаўляла з клясным кіраўніком і дырэктарам, і яны таксама не разумеюць, як Вадзім мог такое зрабіць. Ніхто ў гэта ня можа паверыць, — сказала маці.

Бацькі Вадзіма М. у судзе
Бацькі Вадзіма М. у судзе

У папярэднія дні бацькі нічога незвычайнага за сынам не заўважалі. Апошнія выходныя перад трагедыяй, як кажа бацька, ён таксама правёў дома. Часам у нядзелю езьдзіў у лазьню, але гэтым разам адмовіўся.

Але з хаты ў той дзень Вадзім усё ж выходзіў.

Працяг будзе

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG