Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька загінулага міліцыянта знайшоў нестыкоўкі ў высновах сьледзтва, патрабуе эксгумацыі


На пахаваньні інспэктара ДАІ Яўгена Патаповіча ў Магілёве. 18 траўня 2019 году

Уладзімер Патаповіч, бацька магілёўскага інспэктара ДАІ Яўгена Патаповіча, які загадкава загінуў 16 траўня, заявіў Свабодзе, што ня верыць высновам сьледзтва, агучаным старшынём Сьледчага камітэту Іванам Наскевічам.

Уладзімер Патаповіч кажа, што пераканацца ў слушнасьці высноваў Сьледчага камітэту ён зможа, калі сам азнаёміцца з матэрыяламі справы. Але гэтага яму пакуль не даюць. Днямі са Сьледчага камітэту яму напісалі, што справа цяпер знаходзіцца ў Генэральнай пракуратуры, і параілі зноў зьвярнуцца з заявай празь месяц.

Кіраўнік СК: «Мела месца самагубства, і доказаў гэтага шмат»

13 жніўня старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч даклаў Лукашэнку, што ў сьледзтва няма сумневу наконт сьмерці супрацоўніка міліцыі Патаповіча. Паводле яго, «мела месца самагубства, і доказаў гэтаму шмат».

Наскевіч паведаміў, што Патаповіч падчас дзяжурства з надуманай прычыны пакінуў маршрут нясеньня службы, пераапрануўся ў цывільнае і на таксі паехаў у лес. Паводле экспэртызы, «ён сам сабе мог прычыніць тое агнястрэльнае раненьне, якое стала прычынай сьмерці».

Цяпер крымінальная справа спыненая і знаходзіцца ў Генэральнай пракуратуры, якая мае даць ацэнку законнасьці рашэньня, ухваленага сьледзтвам.

Бацька міліцыянта: «Довады сьледзтва супярэчаць здымкам»

Бацька Яўгена Патаповіча на пахаваньні сына. 18 траўня 2019 году
Бацька Яўгена Патаповіча на пахаваньні сына. 18 траўня 2019 году

​Уладзімер Патаповіч заяўляе, што довады, агучаныя Іванам Наскевічам, супярэчаць таму, што зафіксавана на фатаздымках, зробленых на месцы, дзе знайшлі цела. Ён зьвяртае ўвагу, што сын на іх быў у міліцэйскай форме. Са слоў жа Наскевіча вынікае, што ён «пераапрануўся ў цывільную вопратку і на таксі паехаў у лес», дзе яго і знайшлі забітым.

Уладзімер Патаповіч кажа, што для яго застаецца няясным, як кроў трапіла на пахвінную частку цела, калі сын, паводле сьледзтва, стрэліў сабе ў галаву. Таксама ён зьвяртае ўвагу на тое, як ляжыць пісталет. На фатаздымках ён зафіксаваны «магазынам» дагары. Уладзімер Патаповіч, абапіраючыся на свой досьвед абыходжаньня са зброяй, лічыць, што пісталет пад сваім цяжарам меўся «легчы плазам».

Чаму бацьку не паказваюць справу

Паколькі Ўладзімер Патаповіч не прызнаны пацярпелай асобай па справе, то паводле закону ён ня мае права знаёміцца зь яе матэрыяламі справы. Але ён спадзяецца, што яму дадуць такую магчымасьць.

Пра спыненьне справы Ўладзімеру Патаповічу паведамілі. У лісьце са Сьледчага камітэту не было згадкі пра самагубства, але адзначалася, што расьсьледаваньне завершана ў сувязі з тым, што супраць сына не было ўчынена грамадзкага небясьпечнага дзеяньня, прадугледжанага Крымінальным кодэксам.

Уладзімер Патаповіч ня верыць у самагубства сына. Настойвае, што яго забілі. Яўгенаву сьмерць не гатовы зьвязваць з прафэсійнай дзейнасьцю.

Раней ён зьвяртаўся ў сьледчыя органы і Генэральную пракуратуру з заявай аб эксгумацыі сынава цела, але яму адказалі, што падстаў для гэтага няма. Патаповіч зьвярнуўся з такой просьбай у адміністрацыю прэзыдэнта. Мінула два месяцы, але адказу адтуль пакуль няма.

Яўген Патаповіч быў адзіным сынам у сям’і. Паводле бацькі, калегі па працы не забываюць сына, які загадкава загінуў, выказваюць падтрымку. Уладзімер Патаповіч сам у мінулым супрацоўнік ДАІ. Цяпер жыве ў райцэнтры Кіраўску Магілёўскай вобласьці. Зь Яўгенавай маці ён у разводзе, яна жыве ў Магілёве.

Сьмерць міліцыянта Яўгена Патаповіча ў Магілёве. Што вядома?

  • 16 траўня ў Магілёве зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ
    22-гадовы Яўген Патаповіч (на фота). З паведамленьня ад яго вынікала, што яго выкралі цыганы на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі. ​Неўзабаве яго знайшлі мёртвым у лесе. ​Труп быў у кайданках, без штаноў, побач — пісталет, абярэмак дроў, рыдлёўка. Сьледчы камітэт заявіў, што Патаповіча забілі падчас выкананьня службовых абавязкаў.
  • 16 і 17 траўня ў Магілёве і па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні цыганоў. Некаторыя зь іх па вызваленьні казалі, што міліцыянты іх білі.
  • 17 траўня вэрсія з выкраданьнем міліцыянта на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі перастала лічыцца прыярытэтнай.
  • 18 траўня адбылося разьвітаньне з Патаповічам. Прыехалі сілавікі з усёй Беларусі, а таксама кіраўніцтва МУС. Нябожчыка адпеў праваслаўны сьвятар. Міліцыянта пахавалі ў вёсцы Вішоў за 30 кілямэтраў ад Магілёва.
  • 20 траўня Сьледчы камітэт паведаміў, што «асноўная вэрсія сьмерці — суіцыд». Матывы самагубства невядомыя.​
  • Бацькі Патаповіча ня згодныя з асноўнай вэрсіяй сьледзтва і заявілі, што будуць настойваць на эксгумацыі цела і новай экспэртызе. Аднак сьледзтва адмовіла ім ў эксгумацыі цела. Уладзімер Патаповіч напісаў ліст Лукашэнку.
  • 23 траўня міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў абгрунтаванай «праверку» цыганскай супольнасьці ў Магілёве. «У міністра няма ні падстаў, ні абгрунтаваньняў прасіць прабачэньня перад цыганамі», — заявіў ён. Пазьней у той жа дзень перад цыганамі выбачылася кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава.
  • 11 чэрвеня Ігар Шуневіч падчас нарады з Лукашэнкам пайшоў у адстаўку з пасады міністра ўнутраных спраў, Аляксандар Лукашэнка прызначыў на яго месца Юрыя Караева, сказаўшы новаму міністру, што «ня трэба, як вось адбылося з цыганамі». «Пакрыўдзілі людзей ні за што, — казаў Лукашэнка. — Дык трэба прасіць прабачэньня».

Чаму беларусы ня вераць міліцыі. Былы сьледчы пракамэнтаваў нестыкоўкі ў сьмерці магілёўскага міліцыянта

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG