Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацярпелым не прызнаны. Завершана сьледзтва ў справе аб сьмерці магілёўскага інспэктара ДАІ


На пахаваньні Яўгена Патаповіча, архіўнае фота

Сьледчы камітэт Беларусі завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы па факце сьмерці магілёўскага інспэктара ДАІ Яўгена Патаповіча. Пра гэта сказаў Свабодзе бацька — Уладзімер Патаповіч.

Паводле яго, вынесена пастанова аб спыненьні папярэдняга расьсьледаваньня справы на падставе таго, што адсутнічае «грамадзка небясьпечнае дзеяньне, прадугледжанае крымінальным законам».

«Яны не напісалі наўпрост пра суіцыд, сфармулявалі такім чынам, што супраць сына не было ўчынена небясьпечнага дзеяньня, таму расьсьледаваньне завершана», — тлумачыць сваё разуменьне адказу са Сьледчага камітэту Ўладзімер Патаповіч.

Паколькі Ўладзімер Патаповіч не прызнаны пацярпелай асобай па справе, то паводле закону ён ня мае права знаёміцца зь яе матэрыяламі. Усё ж ён напісаў заяву з просьбай даць яму такую магчымасьць.

Раней Генэральная пракуратура і Сьледчы камітэт не знайшлі падставаў, каб задаволіць зварот Патаповіча з просьбай правесьці эксгумацыю цела сына. Пасьля гэтага ён зьвярнуўся ў адміністрацыю прэзыдэнта. Адказу адтуль пакуль няма. Кажа, што з адміністрацыі разасланыя запыты ў сьледчыя органы.

Уладзімер Патаповіч ня верыць у самагубства сына і настойвае, што яго забілі. Пакуль ён не гатовы зьвязваць Яўгенаву сьмерць з прафэсійнай дзейнасьцю.

Ні ён, ні былая жонка не былі на апазнаньні ў моргу. Ён кажа, што агледзець цела сына жаданьне было, але яго пераканалі, што рабіць гэтага ня варта з «этычных меркаваньняў, каб не палохаць пашкоджаньнямі на целе». Цяпер Уладзімер Патаповіч называе адмову ад удзелу ў працэдуры апазнаньня памылкай.

Яўген Патаповіч быў адзіным сынам у сям’і. Паводле бацькі, калегі па працы не забываюць свайго калегу, які загадкава загінуў. Выказваюць падтрымку. Уладзімер Патаповіч сам у мінулым супрацоўнік ДАІ. Цяпер жыве ў райцэнтры Кіраўску. Зь Яўгенавай маці ў разводзе. Яна жыве ў Магілёве.

Сьмерць міліцыянта Яўгена Патаповіча ў Магілёве. Што вядома?

  • 16 траўня ў Магілёве зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ
    22-гадовы Яўген Патаповіч (на фота). З паведамленьня ад яго вынікала, што яго выкралі цыганы на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі. ​Неўзабаве яго знайшлі мёртвым у лесе. ​Труп быў у кайданках, без штаноў, побач — пісталет, абярэмак дроў, рыдлёўка. Сьледчы камітэт заявіў, што Патаповіча забілі падчас выкананьня службовых абавязкаў.
  • 16 і 17 траўня ў Магілёве і па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні цыганоў. Некаторыя зь іх па вызваленьні казалі, што міліцыянты іх білі.
  • 17 траўня вэрсія з выкраданьнем міліцыянта на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі перастала лічыцца прыярытэтнай.
  • 18 траўня адбылося разьвітаньне з Патаповічам. Прыехалі сілавікі з усёй Беларусі, а таксама кіраўніцтва МУС. Нябожчыка адпеў праваслаўны сьвятар. Міліцыянта пахавалі ў вёсцы Вішоў за 30 кілямэтраў ад Магілёва.
  • 20 траўня Сьледчы камітэт паведаміў, што «асноўная вэрсія сьмерці — суіцыд». Матывы самагубства невядомыя.​
  • Бацькі Патаповіча ня згодныя з асноўнай вэрсіяй сьледзтва і заявілі, што будуць настойваць на эксгумацыі цела і новай экспэртызе. Аднак сьледзтва адмовіла ім ў эксгумацыі цела. Уладзімер Патаповіч напісаў ліст Лукашэнку.
  • 23 траўня міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў абгрунтаванай «праверку» цыганскай супольнасьці ў Магілёве. «У міністра няма ні падстаў, ні абгрунтаваньняў прасіць прабачэньня перад цыганамі», — заявіў ён. Пазьней у той жа дзень перад цыганамі выбачылася кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава.
  • 11 чэрвеня Ігар Шуневіч падчас нарады з Лукашэнкам пайшоў у адстаўку з пасады міністра ўнутраных спраў, Аляксандар Лукашэнка прызначыў на яго месца Юрыя Караева, сказаўшы новаму міністру, што «ня трэба, як вось адбылося з цыганамі». «Пакрыўдзілі людзей ні за што, — казаў Лукашэнка. — Дык трэба прасіць прабачэньня».

Чаму беларусы ня вераць міліцыі. Былы сьледчы пракамэнтаваў нестыкоўкі ў сьмерці магілёўскага міліцыянта

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG