Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы апраўдваюць «настаўніцу з партай»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Нічога надзвычайнага не адбылося. Проста настаўніца брудна аблаяла 9-гадовага хлопчыка. Трымала над ягонай галавой парту. Выказвала гатоўнасьць ісьці ў турму, але «табе п..ц будзе». Казала, што астатнія школьнікі (4-я кляса) будуць яшчэ больш сьмяяцца, калі малога «панясуць на могілкі».

Сьцісла

  • Дзяцей біць нельга. Абражаць іх і кідацца на іх забаронена.
  • Дарослым, якія «зрываюцца», якіх можна лёгка «справакаваць», трэба лячыцца.
  • Настаўніца хай дзякуе Богу, што яе проста звольнілі, а не пасадзілі за пагрозу забойствам: быў бы ўрок яе калегам, якія любяць абражаць дзяцей і «зрывацца».
  • Грамадзтва, якое лічыць вінаватымі 9-гадовых дзяцей, ня мае права на існаваньне.

Сачыла за гэтай гісторыяй ад пачатку, удзельнічала ў ёй — пасьля сходу размаўляла з чыноўнікамі ад адукацыі і бацькамі школьнікаў. Прачытала шмат камэнтатараў на гэты конт.

Тыповыя камэнтары з нагоды неадэкватных паводзін настаўніцы:

  • «Нас білі ў школе, і нічога страшнага, мы ж нармальнымі вырасьлі»;
  • «Трэба забраць у дзяцей тэлефоны — бач, блогеры знайшліся!»;
  • «Ох, бедная настаўніца. Ва ўсім вінаватыя бацькі, якія не выхоўваюць сваіх дзяцей».

Здавалася б, усё зразумела. Настаўніца ня мела права так сябе паводзіць: брудна лаяцца, трымаць парту ў руках над галавой хлопчыка, пагражаць яму могілкамі. Здаецца, што надзіва больш-менш адэкватна зрэагавала ўпраўленьне адукацыі — настаўніцу адразу ж звольнілі. Не пачалі ў беларускім духу хаваць галаву ў пясок і сьцьвярджаць, што ролік — фальшыўка, зробленая ў Польшчы. Абласное, гарадзкое і раённае кіраўніцтва экстрана прыехалі ў школу, правялі бацькоўскі сход, папрасілі прабачэньня, звольнілі настаўніцу і пакаралі вымовай дырэктара.

Але тут пачалося цікавае: грамадзтва (ня ўсё) паўстала ў абарону настаўніцы. Маўляў, во такія цяпер дзеці, давялі яе, «справакавалі». Пачаліся множыцца кансьпіратыўныя тэорыі, з камэнтараў зь нейкага сайту «Бог-ведае-дзе» зьявілася «падножка» — нібыта малы той, 9 год катораму, падставіў нагу настаўніцы. І панеслася!

«Цяпер усё зразумела! Відэа змантаванае, ва ўсім бацькі вінаватыя, ня выхавалі малога, справакаваў настаўніцу, мы б таксама матам загнулі ў такой сытуацыі», — ажывіліся камэнтатары. Была падножка ці не была, адкуль узялася — ужо нікога гэта не хвалявала. Тут і там пішуць і пішуць пра падножку, якая апраўдвае паводзіны настаўніцы з 35-гадовым стажам.

У спрэчкі кінуліся ўсе — хто быў, хто ня быў у Гомлі ніводнага разу; хто ведае і хто ня ведае сытуацыі. Чулі недзе пра падножку. Адзін рэпэтытар пісаў пра гэтую сытуацыю, наўмысна ці не тыражуючы слова «парень» у дачыненьні 9-гадовага школьніка.

Пагадзіцеся, з ужываньнем слова «парень» мы можам неяк скласьці гэтую карціну сьвету. Не дзіця, ня 9 год — «парень» выставіў нагу, настаўніца зачапілася — хлопец вінаваты.

Мне здавалася, да сёньняшняга і ўчорашняга дня, што ўсё відавочна — матам нельга лаяцца пры дзецях, на дзяцей, тым больш настаўніцы. Нельга трымаць парту над галавой і пагражаць могілкамі. Мне здавалася, ёсьць нормы дзіцячых паводзін, і ёсьць дарослых. Дарослыя ня могуць аргумэнтаваць свае «траблы» паняцьцямі «мяне справакавалі», «я не вінаватая».

Так казаць і паводзіць сябе — прэрагатыва дзяцей. Ім можна. Ня можаш, не даеш рады — не працуй настаўнікам, разводзь герань, пляці з саломкі. Хочаш працаваць, але змучаная — ідзі да псыхоляга, псыхіятра. Дарэчы, апошні ў Беларусі бясплатны і да яго чэргаў няма . Пракапаюць, палечаць — не такіх лячылі.

«Ну ты не разумееш, гэта сыстэма», — пісалі мне. Хто такая Сыстэма? Гэта хітрая штука, гэта апраўданьне ўсяму, гэта зручны інструмэнт. Для подлых — яшчэ больш рабіць гадасьцяў, для сквапных — больш красьці, для добрых — яшчэ больш намагацца рабіць дабро. Сыстэма ня мае прозьвішча і імя. Настаўніца ж мае. Гэта канкрэтны чалавек, які зрабіў канкрэтнае зло.

Ці задумваліся чытачы і камэнтатары, што і 9-гадовы школьнік, і ягоныя бацькі — жывыя людзі, якія таксама могуць зайсьці ў інтэрнэт і пачытаць «вось гэтае ўсё»? «Смаркач», «Тупы малалетка», «Такіх бы за ногі ды аб рог» (нават такое чытала, так). Вам настаўніцу шкада — а малога хто пашкадуе і ягоных бацькоў?

Гэта сапраўды сыстэмны збой у матрыцы грамадзтва, якое не шкадуе малых, слабых, патурае «моцнай руцэ». «Забараніць мабільныя. Паставіць відэаназіраньне», — такія захады прапаноўваюць камэнтатары супраць хоць якога кантролю (хаця б здымкаў з-пад парты) над тым, што адбываецца ў школе з нашымі дзецьмі. Вам нецікава, так? Мы іх здалі туды — і хай хоць трава не расьце.

Насамрэч гэты ўвесь гвалт нарадзіўся са страху, што мы нарэшце ўбачылі хоць маленькі кавалак праўды пра тое, што робіцца за зачыненымі дзьвярамі школы, куды апошнім часам не пускаюць нават бацькоў. Прызнайцеся, мы не хацелі гэтага бачыць.

Тры гады таму я езьдзіла ў вайсковую частку разьбірацца зь «дзедаўшчынай» — разам з бацькамі салдатаў. Іх там білі — гэта даказаны факт, была крымінальная справа і суд. Дзеці скардзіліся сваім бацькам на «дзедаўшчыну». Бацькі сказалі мне, між іншым: «Для чаго яны тэлефанавалі нам і скардзіліся? Лепш бы яны патрывалі, а мы нічога ня ведалі і жылі спакойна».

Дзяржава пасьля трагедыі ў Стоўпцах узмацніла меры бясьпекі ў школах, у выніку чаго туды ня могуць трапіць бацькі далей за турнікет. «Для вашых дзяцей стараемся!»

А можа, для таго, каб ніхто нічога ня бачыў, што там дзеецца ў школе? І вось мы ўбачылі, і былі ўражаныя. Цяпер, мусіць, яшчэ больш узмоцняць захады бясьпекі — забяруць мабільнікі, забароняць бацькам наогул да школы набліжацца больш як за 100 мэтраў. Каб толькі было «ціха-ліха» і ніякая інфармацыя не выплыла адтуль.

Бацькоў (многіх) ганяюць на працы, прыніжаюць, прымушаюць то на Чырвоны Крыж зьбіраць грошы, то на Дзень гораду, то на падпіску, яшчэ на якую трасцу. Яны трываюць і лічаць, што і дзеці павінны трываць «вось гэта ўсё».

Уразіла, што пасьля «лёсавызначальнага» сходу ў школе бацькі казалі мне, што «настаўніца найлепшая», да яе чарга была ў першую клясу. Тое самае казалі і начальнікі ад адукацыі. Людзі! Калі яна найлепшая, то якія ў вас найгоршыя настаўнікі?

Яшчэ бацькі казалі, што дзеці цяпер такія — нявыхаваныя. Як тая ўдава, якая сама сябе высекла. Адзін чыноўнік з гарвыканкаму патасна разважаў пасьля сходу, што «разбураны інстытут сям’і — вось у чым праблема». Яшчэ адзін з атраду людзей «Мы ні ў чым не вінаватыя, дзеці такія ў нас атрымаліся».

Адна маці зь пенай на вуснах (папраўдзе, не адна) крычала (я сьведка): «Я свайго малога ніколі ня буду бараніць, ні-ко-лі, калі ён будзе вінаваты!» Іншыя падтаквалі, і казалі, што таксама ня будуць. І гэта — пра дзяцей 2-4 клясы. Уявіце: вам 7-9 гадоў, і вы ведаеце, што за вамі нікога няма, што вас ніхто не будзе бараніць. Страшна, не?

Яшчэ дарослыя казалі, што цяпер дзеці надта разбэшчаныя, і радасна ўспаміналі, як ім «білі па мордзе» у школе, і «нічога — нармальныя вырасьлі». Вы праўда ўпэўненыя, што вы — нармальныя?

Майго сына летась прызвалі ў войска. Я ехала на прысягу са спадзяваньнем пазнаёміцца зь іншымі бацькамі, якія, як і я, пераймаюцца за сваіх дзяцей у сьвятле гучных спраў пра «дзедаўшчыну» ў Беларусі.

Я спадзявалася, што мы абмяняемся кантактамі, што будзем на сувязі, будзем трымацца разам. Я падрыхтавала ў галаве міні-прамову пра неабходнасьць салідарнасьці, пра тое, што разам «нас багата» і ўсё такое. Пасьля прысягі маці і бабкі абступілі камандзіра і казалі: «Ну вы там нашым спуску не давайце! Ведаеце, якая цяпер моладзь разбэшчаная? Ганяйце іх там як сьлед!» Ціхі жах апанаваў мяне.

З кім было там размаўляць і пра што?

Краіна — суцэльны канцлягер, ад дзіцячага садку і да сьмерці. Ранкам у садку насупраць дома муштруюць дзяцей: «Так, узяліся за рукі, сталі ў калёну, адзін за адным, гляньце, якая прыгожы ў нас вусень атрымаўся, ніхто нікуды не бяжыць, ідзём роўненька». Канцлягер, без калючага дроту, праўда. Бо ён нацягнуты ў кожнага ў галаве.

І гэта не цярновая карона, гэта ня крыж, не праклён. Мы самі яго нацягнулі і толькі і круцім галовамі — пільнуем, каб ніхто не падняў галавы, нават 9-гадовыя дзеці. А калі падымуць, мы іх хутка ўсім сваім дарослым сьветам на месца паставім. Мы трывалі, і вы трывайце. Нас білі — няхай і вас лупцуюць.

У фільме «Пятая пячатка» Золтана Фабры стары фашыст павучаў маладога ў такім духу, што ня так важна пабіць чалавека, пакараць яго, зламаць нос і сківіцу. Важна іншае: зрабіць так, каб чалавек не паважаў сам сябе. «Вы праўда зьбіраецеся выпусьціць адсюль чалавека, які будзе баяцца нас, ненавідзець, але пры гэтым паважаць сябе за тое, што замахваўся на нас кулаком? Гэта было б памылкай. Мэта — прымусіць іх пагарджаць самімі сабой, да агіды», — вучыў сталы фашыст.

Здаецца, гэта працуе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Што важна ведаць пра канфлікт вакол «настаўніцы з партай»

З чаго ўсё пачалося

Гомельскае выданьне «Сильные новости» апублікавала 13 верасьня відэа, зьнятае вучнямі мясцовай школы №15: настаўніца замахваецца партай на вучня і абражае яго. У прыватнасьці, настаўніца кажа: «Я ў турму пайду, а табе *** [гамон] будзе».

Настаўніца на відэа — Людміла Чацьвярткова. Яна працавала ў школе 35 гадоў і неўзабаве мела выйсьці на пэнсію. Звычайна яна выкладала ў 2 клясе, у 4 кляс у дзень інцыдэнту трапіла на замену. Сьцьвярджаецца, што яна пасьля здарэньня напісала тлумачальную і прызнавала свае дзеяньні няправільнымі.

Настаўніцу спачатку звольнілі

Вечарам 13 верасьня ў школе прайшоў бацькоўскі сход, на якім былі намесьнік старшыні гарвыканкаму Віталь Атаманчук, начальнік упраўленьня адукацыі Сяргей Парошын і іншыя чыноўнікі.

Настаўніца Людміла Чацьвярткова
Настаўніца Людміла Чацьвярткова

На сходзе Парошын патлумачыў бацькам сытуацыю, папрасіў прабачэньня і абвясьціў, што настаўніца звольненая.

Як адрэагавалі бацькі

Бацька 9-гадовага школьніка, на якога кідалася з партай настаўніца, казаў, што абураны рэакцыяй дарослых, якія вінавацяць яго сына ў інцыдэнце. Ён падкрэсьліў, што ягоны сын ня ставіў настаўніцы падножку: гэта вэрсія карыстальнікаў інтэрнэту.

Адзін з бацькоў вучняў школы №15 расказваў, што Чацьвярткова нібыта парвала вуха ягонаму сыну, калі той вучыўся ў першым клясе, і што рэгулярна прыніжала дзяцей і чыніла гвалт адносна іх.

19 верасьня каля 30 бацькоў выйшлі на стыхійны сход да школы, але на перамовах з чыноўнікамі не дамагліся аднаўленьня яе на працы. Бацькі вырашылі зьбіраць подпісы пад пэтыцыяй за вяртаньне дырэктаркі.

Лукашэнка загадаў вярнуць настаўніцу

18 верасьня стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка даручыў аднавіць на працы настаўніцу Чацьвярткову і звольніць дырэктарку школы. Міністра адукацыі Ігара Карпенку папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасьці, «строга папярэдзілі» прэм’ер-міністра, кіраўніцу Адміністрацыі прэзыдэнта і віцэ-прэм’ера, адказнага за адукацыю.

19 верасьня Лукашэнка публічна выказаўся ў падтрымку настаўніцы: маўляў, на яе месцы «галаву б адкруціў шчанюку». Таксама ён заявіў, што са зьдзекаў з настаўнікаў пачынаюцца трагедыі, як у Стоўпцах. Чыноўнікаў ён раскрытыкаваў за тое, што яны «абсікаліся, што іх, бачыце, у сацыяльных сетках разьмясьцілі».

Міліцыя распачала праверку

У сувязі з інцыдэнтам міліцыянты распачалі праверку ў межах адміністрацыйнага заканадаўства, апытвалі ўсіх удзельнікаў канфлікту, у тым ліку сьведак-дзяцей пры ўдзеле бацькоў, а таксама хлопца, на якога настаўніца замахвалася партай, і ягонага бацьку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG