Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сын прыходзіў дахаты з разарваным вухам». «Настаўніца з партай» вярнулася на працу, дырэктарку звальняюць


Школа ў Гомлі, дзе працуе Людміла Чацьвярткова
Школа ў Гомлі, дзе працуе Людміла Чацьвярткова

У гомельскай школе №15 працягваецца скандал, які пачааўся з інцыдэнту з «настаўніцай з партай». Людміла Чацьвярткова вярнулася на працу, але дырэктара на загад Аляксандра Лукашэнка звальняюць.

«У нас вельмі добрая дырэктарка. Калі яе звольняць, мы пойдзем усе са школы», — заявіла адна з настаўніц.

Людміла Чацьвярткова заявіла журналістам: «На гэты момант я не магу вам даць камэнтары. Мне трэба адвесьці ўрокі. Скончацца ўрокі — я буду даваць камэнтары».

Людміла Чацьвярткова
Людміла Чацьвярткова

Бацькі і настаўнікі надта хвалююцца за лёс дырэктаркі Марыны Чарненкі. Яна ў свой час скончыла школу №15, выкладала тут у пачатковых клясах, была намесьніцай дырэктара. Два апошнія гады працуе дырэктарам. Чарненка і сёньня ў школе, але адмаўляецца ад камэнтароў.

«Мы ідзём выконваць даручэньне прэзыдэнта»

У школу №15 прыехаў намесьнік старшыні гарвыканкаму Віталь Атаманчук. Ён накіраваўся ў кабінэт дырэктара.

«Мы ідзём выконваць даручэньне прэзыдэнта — слова ў слова. Усё, што было сказана — пра звальненьне зь пераводам на іншую працу. Таму зараз будзем разглядаць варыянты. На сёньня ў нас вакансій няма, прынамсі ў Навабеліцкім раёне. Рашэньне прэзыдэнта я не абмяркоўваю — рашэньне прынятае, і наша задача яго выканаць», — пракамэнтаваў Атаманчук.

Чыноўнікі з гарвыканкама прыйшлі выконваць рашэньне Аляксандра Лукашэнкі. Зьлева Віталь Атаманчук, намесьнік старшыні гарвыканкаму
Чыноўнікі з гарвыканкама прыйшлі выконваць рашэньне Аляксандра Лукашэнкі. Зьлева Віталь Атаманчук, намесьнік старшыні гарвыканкаму

Што кажуць бацькі

Пэнсіянэрка Лідзія Іванаўна прывяла ў школу ўнука, які вучыцца ў першай клясе. «Настаўніцу няправільна звольнілі! Я за яе. Калі нейкае малалетняе (нецэнзурна. – РС.) не паважае настаўніцу?! Настаўнік ёсьць настаўнік», — зазначыла пэнсіянэрка.

Сын жыхара Гомля вучыўся ў Людмілы Іванаўны Чацьвяртковай зь першай клясы. Ён просіць не называць ягонага імя, бо сын і цяпер вучыцца ў школе №15.

Уражаньні ў таты ад настаўніцы засталіся нэгатыўныя.

«Адзін раз, у першай клясе, ён прыйшоў з надарваным вухам — яна парвала яго, — выказаўся бацька. — Было парванае вуха! Потым вярнуўся з паламанай асадкай — яна так вучыла яго пісаць, ціснула на ягоныя пальцы так, што зламалася ручка. Потым прыйшоў зь сіняком на руцэ. Пасьля яна яго дэманстратыўна ставіла перад клясай і казала, што „вось, гляньце, няма ў яго ніякага сіняка“.

Я прыйшоў, папярэдзіў яе: яшчэ раз такое, я ведаю куды зьвяртацца. І яна супакоілася. Сын казаў, што яна то раве на ўроку, то дэманстратыўна выстаўляе да дошкі школьніка якога і кажа: «Вось, паглядзіце на яго, не зрабіў хатняга заданьня», ці «які ён нягоднік». Мой пункт погляду — так яна прыніжала дзяцей. Тое, што на відэа — гэта для яе нармальныя паводзіны».

Юлія
Юлія

Маладая маці Юлія прывяла дачку, якая вучыцца ў другой клясе – на паралелі з 2 В, дзе выкладае «настаўніца з партай».

«Мы той настаўніцы ня ведаем — гэта адно, — кажа Юля. — Некаторыя бацькі кажуць, што яна вельмі жорсткі пэдагог. Некаторыя — што добры чалавек. Што там было – трэба разьбірацца з дзецьмі, хай яны расказваюць, што адбылося. Маё дзіця не паступіла б так, не хіхікала б і настаўніка не даставала б».

Марына
Марына

Яе прыяцелька Марына лічыць, што «зь дзецьмі цяпер трэба больш жорстка».

Настаўнікі абураныя звальненьнем дырэктаркі

Усе бацькі і пэдагогі, зь якімі размаўлялі журналісты, абураныя звальненьнем дырэктаркі.

«Яна столькі ўклала ў нашу школу! Які рамонт тут зроблены — прычым не за бацькоўскія грошы, яна сама шукала сродкі. Наша школа разьлічаная на 800 чалавек, а вучыцца 1800! І ўсіх трэба сюды ўціснуць, разьмясьціць», — кажуць супрацоўнікі школы.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Што важна ведаць пра канфлікт вакол «настаўніцы з партай»

З чаго ўсё пачалося

Гомельскае выданьне «Сильные новости» апублікавала 13 верасьня відэа, зьнятае вучнямі мясцовай школы №15: настаўніца замахваецца партай на вучня і абражае яго. У прыватнасьці, настаўніца кажа: «Я ў турму пайду, а табе *** [гамон] будзе».

Настаўніца на відэа — Людміла Чацьвярткова. Яна працавала ў школе 35 гадоў і неўзабаве мела выйсьці на пэнсію. Звычайна яна выкладала ў 2 клясе, у 4 кляс у дзень інцыдэнту трапіла на замену. Сьцьвярджаецца, што яна пасьля здарэньня напісала тлумачальную і прызнавала свае дзеяньні няправільнымі.

Настаўніцу спачатку звольнілі

Вечарам 13 верасьня ў школе прайшоў бацькоўскі сход, на якім былі намесьнік старшыні гарвыканкаму Віталь Атаманчук, начальнік упраўленьня адукацыі Сяргей Парошын і іншыя чыноўнікі.

Настаўніца Людміла Чацьвярткова
Настаўніца Людміла Чацьвярткова

На сходзе Парошын патлумачыў бацькам сытуацыю, папрасіў прабачэньня і абвясьціў, што настаўніца звольненая.

Як адрэагавалі бацькі

Бацька 9-гадовага школьніка, на якога кідалася з партай настаўніца, казаў, што абураны рэакцыяй дарослых, якія вінавацяць яго сына ў інцыдэнце. Ён падкрэсьліў, што ягоны сын ня ставіў настаўніцы падножку: гэта вэрсія карыстальнікаў інтэрнэту.

Адзін з бацькоў вучняў школы №15 расказваў, што Чацьвярткова нібыта парвала вуха ягонаму сыну, калі той вучыўся ў першым клясе, і што рэгулярна прыніжала дзяцей і чыніла гвалт адносна іх.

19 верасьня каля 30 бацькоў выйшлі на стыхійны сход да школы, але на перамовах з чыноўнікамі не дамагліся аднаўленьня яе на працы. Бацькі вырашылі зьбіраць подпісы пад пэтыцыяй за вяртаньне дырэктаркі.

Лукашэнка загадаў вярнуць настаўніцу

18 верасьня стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка даручыў аднавіць на працы настаўніцу Чацьвярткову і звольніць дырэктарку школы. Міністра адукацыі Ігара Карпенку папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасьці, «строга папярэдзілі» прэм’ер-міністра, кіраўніцу Адміністрацыі прэзыдэнта і віцэ-прэм’ера, адказнага за адукацыю.

19 верасьня Лукашэнка публічна выказаўся ў падтрымку настаўніцы: маўляў, на яе месцы «галаву б адкруціў шчанюку». Таксама ён заявіў, што са зьдзекаў з настаўнікаў пачынаюцца трагедыі, як у Стоўпцах. Чыноўнікаў ён раскрытыкаваў за тое, што яны «абсікаліся, што іх, бачыце, у сацыяльных сетках разьмясьцілі».

Міліцыя распачала праверку

У сувязі з інцыдэнтам міліцыянты распачалі праверку ў межах адміністрацыйнага заканадаўства, апытвалі ўсіх удзельнікаў канфлікту, у тым ліку сьведак-дзяцей пры ўдзеле бацькоў, а таксама хлопца, на якога настаўніца замахвалася партай, і ягонага бацьку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG