Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Настаўніцу з партай» вярнулі ў школу, дырэктара звольнілі, прэмʼера папярэдзілі — загад Лукашэнкі

абноўлена

Сярэдняя школа №15 у Гомлі
Сярэдняя школа №15 у Гомлі

Аляксандар Лукашэнка даручыў аднавіць на працы настаўніцу Людмілу Чацьвярткову, якая пагражала стукнуць школьніка партай і абражала яго. Пра гэта сказаў Свабодзе начальнік галоўнага ўпраўленьня адукацыі Гомельскага аблвыканкаму Сяргей Парошын.

«Так, гэта праўда, — сказаў чыноўнік. — Настаўніца адноўленая на сваім месцы працы ў школе № 15, яна вяртаецца да працы з тымі ж дзецьмі, зь якімі працавала. Прычына аднаўленьня настаўніцы — вусны загад кіраўніка дзяржавы».

Чацьвярткова пакуль не камэнтуе сытуацыю:

«Я вельмі хвалююся, мне вельмі кепска. Нічога не магу пра гэта сказаць. Мне прапаноўвалі да гэтага шмат чаго, але я адмаўлялася», — сказала Tut.by Чацьвярткова.

Дырэктара школы звольнілі, міністра адукацыі папярэдзілі

Лукашэнка звольніў зь пераводам на іншую працу дырэктара гомельскай школы № 15, асобных чыноўнікаў Гомельскага гарвыканкаму і раённай адміністрацыі. Міністра адукацыі Ігара Карпенку папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасьці.

Вызваленых ад абавязкаў дырэктара школы і гомельскіх чыноўнікаў перавядуць на іншую працу. Таксама абвясьцілі вымовы шэрагу службовых асоб гомельскіх абласнога і гарадзкога выканкамаў.

За непрыманьне мераў па навядзеньню парадку ў школах і невыкананьне даручэньняў кіраўніка дзяржавы «строга папярэдзілі»:

  • прэмʼер-міністра Сяргея Румаса;
  • кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальлю Качанаву;
  • віцэ-прэмʼера, адказнага за адукацыю — Ігара Петрышэнку.

Свабода датэлефанавалася да адноўленай на працы настаўніцы. Яна падзякавала за званок і сказала, што ня будзе камэнтаваць тое, што адбылося.

Гомельскі партал «Сильные новости» 13 верасьня апублікаваў відэа, зьнятае ў сярэдняй школе № 15 Гомля. На ім настаўніца крычыць і мацюкаецца падчас уроку расейскай мовы ў 4-й клясе. Яна пагражала вучню, што стукне яго партай, лаялася і абражала малалетняга. Таксама відаць, як настаўніца падняла парту і кажа: «Я пайду ў турму, а табе [мацюкі]».

Вечарам 13 верасьня ў школе прайшоў бацькоўскі сход. Настаўніцу звольнілі.

«Я настаўніцу толкам ня ведаю, яна першы раз у нас была на замене. Разумею, калі б дзіця нешта сыстэматычна парушала, у настаўніцы б набіралася гэта. Тут яна бачыць дзіця 20 хвілін — і ўжо такое сабе дазваляе», — казаў у камэнтары Свабодзе бацька 9-гадовага школьніка.

Мужчына не разумее, «што магло зрабіць дзіця, каб да яго прымяніць такое ўзьдзеяньне».

«У маёй галаве ня ўкладваецца, калі іншыя бацькі казалі: «Ну і мы матам на дзяцей крычым, што ў гэтым такога?» Яны лічаць, што гэта норма. Я так не лічу. Нельга матам на дзіця, яно азлобіцца. Зь дзіцем трэба размаўляць», — упэўнены бацька.

Суразмоўца падкрэсьліў, што ягоны сын ня ставіў настаўніцы падножку: гэта вэрсія карыстальнікаў інтэрнэту.

Што важна ведаць пра канфлікт вакол «настаўніцы з партай»

З чаго ўсё пачалося

Гомельскае выданьне «Сильные новости» апублікавала 13 верасьня відэа, зьнятае вучнямі мясцовай школы №15: настаўніца замахваецца партай на вучня і абражае яго. У прыватнасьці, настаўніца кажа: «Я ў турму пайду, а табе *** [гамон] будзе».

Настаўніца на відэа — Людміла Чацьвярткова. Яна працавала ў школе 35 гадоў і неўзабаве мела выйсьці на пэнсію. Звычайна яна выкладала ў 2 клясе, у 4 кляс у дзень інцыдэнту трапіла на замену. Сьцьвярджаецца, што яна пасьля здарэньня напісала тлумачальную і прызнавала свае дзеяньні няправільнымі.

Настаўніцу спачатку звольнілі

Вечарам 13 верасьня ў школе прайшоў бацькоўскі сход, на якім былі намесьнік старшыні гарвыканкаму Віталь Атаманчук, начальнік упраўленьня адукацыі Сяргей Парошын і іншыя чыноўнікі.

Настаўніца Людміла Чацьвярткова
Настаўніца Людміла Чацьвярткова

На сходзе Парошын патлумачыў бацькам сытуацыю, папрасіў прабачэньня і абвясьціў, што настаўніца звольненая.

Як адрэагавалі бацькі

Бацька 9-гадовага школьніка, на якога кідалася з партай настаўніца, казаў, што абураны рэакцыяй дарослых, якія вінавацяць яго сына ў інцыдэнце. Ён падкрэсьліў, што ягоны сын ня ставіў настаўніцы падножку: гэта вэрсія карыстальнікаў інтэрнэту.

Адзін з бацькоў вучняў школы №15 расказваў, што Чацьвярткова нібыта парвала вуха ягонаму сыну, калі той вучыўся ў першым клясе, і што рэгулярна прыніжала дзяцей і чыніла гвалт адносна іх.

19 верасьня каля 30 бацькоў выйшлі на стыхійны сход да школы, але на перамовах з чыноўнікамі не дамагліся аднаўленьня яе на працы. Бацькі вырашылі зьбіраць подпісы пад пэтыцыяй за вяртаньне дырэктаркі.

Лукашэнка загадаў вярнуць настаўніцу

18 верасьня стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка даручыў аднавіць на працы настаўніцу Чацьвярткову і звольніць дырэктарку школы. Міністра адукацыі Ігара Карпенку папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасьці, «строга папярэдзілі» прэм’ер-міністра, кіраўніцу Адміністрацыі прэзыдэнта і віцэ-прэм’ера, адказнага за адукацыю.

19 верасьня Лукашэнка публічна выказаўся ў падтрымку настаўніцы: маўляў, на яе месцы «галаву б адкруціў шчанюку». Таксама ён заявіў, што са зьдзекаў з настаўнікаў пачынаюцца трагедыі, як у Стоўпцах. Чыноўнікаў ён раскрытыкаваў за тое, што яны «абсікаліся, што іх, бачыце, у сацыяльных сетках разьмясьцілі».

Міліцыя распачала праверку

У сувязі з інцыдэнтам міліцыянты распачалі праверку ў межах адміністрацыйнага заканадаўства, апытвалі ўсіх удзельнікаў канфлікту, у тым ліку сьведак-дзяцей пры ўдзеле бацькоў, а таксама хлопца, на якога настаўніца замахвалася партай, і ягонага бацьку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG