Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаныя на 17 лістапада

абноўлена

Выбары ў Палату прадстаўнікоў, 2016 год
Выбары ў Палату прадстаўнікоў, 2016 год

Аляксандр Лукашэнка 5 жніўня падпісаў указы № 293 і № 294 аб прызначэньні выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага скліканьня, паведамляе ягоная прэс-служба.

Даты выбараў такія:

  • у верхнюю палату, Савет Рэспублікі — у чацьвер, 7 лістапада (звычайныя беларусы ня ўдзельнічаюць у іх наўпрост);
  • у ніжнюю палату, Палату прадстаўнікоў — у нядзелю, 17 лістапада (ўсеагульныя, на іх могуць галасаваць усе грамадзяне, якія дасягнулі ўзросту 18 гадоў).

Гэта супала з ранейшай прапановай старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзіі Ярмошынай і толькі часткова супала з прапановай самаго Лукашэнкі.​

У красавіку Лукашэнка ў штогадовым пасланьні да беларускага народу і Нацыянальнага сходу прапанаваў 7 лістапада для правядзеньня выбараў у Палату прадстаўнікоў. Ярмошынай такая ідэя не зусім спадабалася: звычайна асноўны дзень выбараў ставяць на нядзелю, а 7 лістапада ў 2019 годзе — чацьвер. Яна ня раз прапаноўвала іншую дату: нядзелю 17 лістапада. Падчас сустрэчы з Лукашэнкам 30 ліпеня Ярмошына прапанавала правесьці выбары ў верхнюю палату 7 лістапада, а ў ніжнюю — 17 лістапада.

«Сэнатараў» у Савет Рэспублікі, лікам 64, выбіраюць мясцовыя саветы і асабіста Аляксандар Лукашэнка (8 чалавек ад кожнай вобласьці, 8 ад Менску, 8 ад Лукашэнкі). Раней сходы па выбарах у Савет Рэспублікі праводзіліся звычайна не ў адзін дзень, а ў некалькі этапаў, і пры тым дагэтуль усе выбары ў ніжнюю палату праводзілі раней за выбары ў верхнюю.

5 фактаў пра папярэднія выбары ў Палату прадстаўнікоў

Папярэднія выбары ў Палату прадстаўнікоў прайшлі 11 верасьня 2016 году, у Савет Рэспублікі праводзіліся да 16 верасьня 2016-га. Цяпер дзейнічае шостае скліканьне Нацыянальнага сходу, але выбары ладзіліся толькі пяць разоў: калі Аляксандар Лукашэнка ў 1996 годзе разагнаў беларускі парлямэнт (Вярхоўны савет XIII скліканьня), то ў створаны замест парлямэнту Нацыянальны Сход проста прызначыў ляяльных яму дэпутатаў.

Апазыцыі — 1,15%. Са 174 крэслаў у абедзьвюх палатах толькі 2 занялі адкрыта апазыцыйныя палітыкі: Ганна Канапацкая з Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім — тады намесьніца старшыні, а цяпер старшыня Таварыства беларускай мовы. Абедзьве трапілі ў Палату прадстаўнікоў, а ў Савеце Рэспублікі апазыцыі няма зусім. Абедзьве зьбіраюцца балятавацца зноў.

Вынікі былі амаль прадказальныя. Хоць сур’ёзных сацыялягічных дасьледаваньняў не праводзілася, журналісты некалькіх выданьняў адгадалі амаль усіх пераможцаў. Прагнозы рабілі проста на падставе таго, якія пасады займалі кандыдаты і наколькі яны могуць быць «ухваленыя Адміністрацыяй прэзыдэнта». Памылка склала 3,6%.

Як звычайна, Захад не прызнаў. Таксама як усе беларускія выбары і рэфэрэндумы пасьля 1994 году, выбары 2016 году ні Эўразьвяз, ні Злучаныя Штаты не прызналі свабоднымі і дэмакратычнымі. АБСЭ давала шэраг рэкамэндацыяў, як зрабіць выбары адпаведнымі міжнародным стандартам, а Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».

«Стандартны» набор парушэньняў. Незалежныя назіральнікі на тых выбарах наракалі на ўсё тое самае, што і на папярэдніх. Сярод нараканьняў — нядопуск і так нешматлікіх незалежных назіральнікаў да падліку галасоў, загон на датэрміновае галасаваньне і істотныя маніпуляцыі зь яўкай, абмежаваньне свабоды сходаў і доступу да СМІ… Самы незвычайны скандал быў зьвязаны з «сакрэтным кодам 000-179», зь якім атрымалася прагаласаваць на некалькіх участках. Давераную асобу аднаго з кандыдатаў міліцыянты зьбілі проста на ўчастку.

Цяперашняя палата празасядае менш за папярэднюю. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён). Пры тым выбары 2019 году можна было прызначаць на даты, не пазьнейшыя за 10 верасьня 2020 году. Ярмошына казала, што цяперашнія выбары не датэрміновыя, бо праводзіць іх раней за «крайнюю» дату не супярэчыць закону.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG