Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты зьбілі на выбарчым участку давераную асобу кандыдата і скрываўленага павезьлі ў пастарунак


Падчас стрыму з выбарчага ўчастку №27 у Менску давераную асобу кандыдата Мікалая Казлова, апэратара «Белсату» Андруся Козела зьбілі чацьвёра міліцыянтаў. Як паведамляе журналістка Вольга Чайчыц, «ягонай галавой разьбілі шкло, ідзе кроў».

Абноўлена, 23:02. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі жонцы Козела, што мэдычная дапамога ейнаму мужу «не спатрэбілася», і што ноч ён правядзе ў ЦІП на Акрэсьціна. У панядзелак Козела будуць судзіць у судзе Цэнтральнага раёну Менска. Спачатку ў РУУС ёй адмаўляліся паведамляць любыя зьвесткі пра мужа.

Паводле папярэдняй інфармацыі, Андрусю Козелу інкрымінуюць або «непадпарадкаваньне міліцыянтам», або «напад на міліцыянтаў», паведамляе тэлеканал «Белсат».

«Ён вёў стрым з выбарчага ўчастка. Міліцыянты паспрабавалі забараніць яму гэта рабіць, але Андрусь патлумачыў, што мае права здымаць. Тады яго схапілі і сілай выцягнулі з залі, разбіўшы галавою дзверы», — расказала Беларускай асацыяцыі журналістаў жонка Козела Вольга Чайчыц.

«Міліцыянты разьбілі галавой маёй дзьверы выбарчага вучастка. Нанеслі 4 удара па галаве. Вязуць на Арлоўскую складаць нападзеньне на міліцыянтаў», — напісаў Андрусь Козел на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Аднак калі Чайчыц разам з калегамі прыехала ў міліцыю, дзяжурныя паведамілі ёй, што складаюць на Андруся Козела пратакол не за «напад», а за непадпарадкаваньне міліцыі. У дзяжурнай частцы Свабодзе пацьвердзілі, што Андрусь Козел знаходзіцца ў іх, больш інфармацыі не далі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG