Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лічба дня: колькі каштуе дзень працы ў выбарчай камісіі

абноўлена

Архіўнае фота. Падлік галасоў на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў, люты 2018 году

Старшыня Цэнтральнага выбарчага камітэту​ Лідзія Ярмошына распавяла Tut.by, колькі плацяць за працу ў выбарчых камісіях і ці даюць за гэта іншыя бонусы.

Старшыня камісіі атрымае большы заробак, але ім прыйдзецца падзяліцца

Паводле Ярмошынай, цяпер узнагароджаньне старшыні камісіі складае 887 рублёў пасьля сплаты падатку, але часьцей за ўсё старшыня дзеліць свой заробак са сваім сакратаром. Таму кожны атрымае прыкладна па 443 рублі.

«Працаваць за гэтыя грошы прыйдзецца па вечарах, у дзённыя непрацоўныя гадзіны і выходныя дні», — сказала Ярмошына.

Памер заробку чальцоў камісіі прывязаны да сярэдняга заробку па краіне ў год, які папярэднічае выбарчаму году, сказала Ярмошына.

«У першым квартале мінулага году, калі стваралі бюджэт, сярэдні заробак складаў каля 880 рублёў. Таму выбары прывязаныя да гэтага. А ў наступным годзе бюджэт будзе складзены з улікам сярэдняга заробку цяпер», — сказала Ярмошына.

Стаўку за працу ва ўчастковай камісіі выплацяць толькі яе старшыні. Нягледзячы на тое, што ўчастковую камісію створаць за 45 дзён да правядзеньня выбараў, аплацяць зь іх толькі 30.

Шараговым чальцам камісіі заплацяць толькі за дзень выбараў

За 16-гадзінны працоўны дзень выбараў шараговыя чальцы камісіяў атрымаюць на рукі каля 76 рублёў па двайной стаўцы, сказала Ярмошына. Гэта 4,75 рубля за гадзіну. Абед для шараговых чальцоў выбарчай камісіі не прадугледжаны.

Паводле Ярмошынай, чальцам камісіі, якія будуць дзяжурыць на датэрміновым галасаваньні, заплацяць за адпрацаваныя гадзіны.

«Калі будзе эканомія грашовых сродкаў, а яна заўжды бывае, то са згоды прэзыдэнта гэтыя грошы пусьцяць на прэміі. Ён ужо пацьвердзіў, што гэтым разам парадак ня зьменіцца».

Паводле Ярмошынай, пасада сябра камісіі на сталай працы ня будзе ўплываць на заробак у выбарчай камісіі.

«Мы лічым, што працаваць аднолькава складана. У нас няма герархіі, калі міністар атрымоўвае больш за бібліятэкара», — сказала Ярмошына.

За працу ў выбарчай камісіі могуць вызваліць ад асноўнай працы

Паводле Ярмошынай, закон прадугледжвае вызваленьне ад асноўнай працы аднаго чальца на час працы ў выбарчай камісіі. Па рашэньні камісіі за чалавекам на гэты пэрыяд можа захоўвацца сярэдні заробак.

«Але гэта бывае вельмі рэдка. Больш за тое, мы ня раім так рабіць, таму што часьцей сярэдні заробак большы, чым бюджэт на заробак вызваленага сябра камісіі. І калі такім людзям заплацяць, то астатнія чальцы камісіі пазбавяцца нейкіх бонусаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG