Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канапацкая зноў зьбіраецца ў дэпутаты. І ў той жа акрузе


Ганна Канапацкая

Дзеля сваіх выбарнікаў дэпутатка рамантавала лаўкі і змагалася з баршчавіком.

Апазыцыйная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая вырашыла зноў удзельнічаць у выбарах па сваёй Кастрычніцкай акрузе № 97 у Менску. Пра гэта яна паведаміла 4 ліпеня Свабодзе.

«Да апошняга часу я вагалася. Усё ж я сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Правацэнтрысцкая кааліцыя, куды ўваходзіць і наша партыя, зьбіраецца „расьпісваць“ выбарчыя акругі для кандыдатаў. Калі б у мяне былі добрыя дачыненьні з кіраўніцтвам АГП і партыя б сказала, што трэба ісьці па іншай акрузе, я б так і зрабіла. Але мяне толькі крытыкуюць, а не дапамагаюць. Таму я вырашыла не саступаць сваю акругу нікому», — сказала Ганна Канапацкая.

Агульныя сказы ці канкрэтная праца?

Паводле дэпутаткі, партыя патрабавала ад яе, каб яна з парлямэнцкай трыбуны раз за разам заяўляла, што ў Беларусі ўжо даўно не праводзяцца справядлівыя і сумленныя выбары.

«Пра гэта ўсе цудоўна ведаюць і безь мяне. У мяне іншая задача — падрыхтаваць зьмены і папраўкі да дзейнага выбарчага заканадаўства. На гэта ў мяне пайшло больш за два гады, бо ўлады кожны раз знаходзілі ў маіх прапановах неадпаведнасьць Канстытуцыі ці дзейнаму заканадаўству. І вось нарэшце ўсе бар’еры пераадоленыя. Прычапіцца больш няма да чаго. Прапановы прынялі і перадалі ў профільную парлямэнцкую камісію, якая будзе рыхтаваць дакумэнты да пленарнага пасяджэньня», — паведаміла Канапацкая.

Упэўненасьці, што калегі апазыцыйнай дэпутаткі ўхваляць яе прапановы, няма. Больш за тое, існуе вялікая верагоднасьць, што зьмены і дапаўненьні, нават калі іх прымуць, ня будуць дзейнічаць падчас новай парлямэнцкай кампаніі.

«Справа ў тым, што зьмены ў выбарчае заканадаўства ня ўносяцца, калі да выбараў застаецца меней за тры месяцы. Выбары пройдуць у лістападзе, а сэсія Палаты прадстаўнікоў узновіцца толькі 2 кастрычніка. Ёсьць, праўда, тэарэтычная магчымасьць правесьці пазачарговую сэсію раней. Але гэта, бадай, толькі тэорыя», — тлумачыць Свабодзе сытуацыю старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

Канапацкая і яе выбарнікі

Дэпутатка распавяла, што за тры гады яна шмат чаго зрабіла для сваіх выбарнікаў:

«Я адна зь нямногіх дэпутатаў Палаты, якія рэгулярна праводзяць прыём сваіх выбарнікаў. І многім здолела дапамагчы. Больш за тое, хоць я лічу, што галоўнае ў працы дэпутата парлямэнту — распрацоўваць законы для ўсёй краіны, я праводзіла мерапрыемствы з выбарнікамі ў нашай акрузе: саджалі дрэвы, рамантавалі лаўкі, нават прывозіла навукоўцаў з Акадэміі навук для барацьбы з баршчавіком, выбіла на гэта грошы. Карацей, я на раёне і за дэпутата парлямэнту, і за мясцовага дэпутата, і за мясцовую выканаўчую ўладу».

Акруга № 97 ахоплівае большую частку Кастрычніцкага раёну Менску, а таксама мікрараёны Калядзічы і Сокал.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG