Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэкорд Бабарыкі, подпісы Канапацкай і дом Цапкалы: Чым запомніліся прэтэндэнты ў прэзыдэнты


14 ліпеня ЦВК агучыць сьпіс зарэгістраваных кандыдатаў у прэзыдэнты. Свабода прыгадала, чым запомніліся ўсе ўдзельнікі прэзыдэнцкай гонкі.

Глядзім, чым запомніліся ўсе прэтэндэнты, якія падалі подпісы ў ЦВК.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Віктар Бабарыка: рэкорд па подпісах і арышт «Евы»

Экс-банкір Віктар Бабарыка запомніўся найперш высокай колькасьцю сабраных подпісаў і самым вялікім штабам — 9 тысяч чалавек. Ягоны штаб здолеў сабраць амаль 500 тысяч подпісаў, і гэта абсалютны рэкорд сярод альтэрнатыўных кандыдатаў за ўсю гісторыю Беларусі. Яшчэ Віктар Бабарыка запомніўся гучным затрыманьнем разам з сынам Эдуардам 18 чэрвеня. Да гэтага часу ён і ягоны сын — у СІЗА КДБ.

Усё кіраўніцтва банку, дзе Віктар Бабарыка адпрацаваў больш за 20 гадоў, трапіла пад крымінальны перасьлед. Дасталася нават карцінам з калекцыі банку, якія арыштавалі ў межах крымінальнай справы. «Ева» Хаіма Суціна стала своеасаблівым сымбалем супраціву ўладнаму перасьледу.

Валеры Цапкала: Падтрымка акцый і маштабная адбракоўка подпісаў

Стваральнік ПВТ Валер Цапкала ад пачатку сваёй кампаніі запомніўся доўгімі прамовамі з адсылкамі да высокаразьвітых краінаў. Былы дыплямат у сваіх выступах зьвяртаў увагу на неабходнасьць пераменаў і зьлёгку троліў дзейнага кіраўніка краіны, што «той ведае, колькі курыц мае пакрыць певень».

Таксама Валер Цапкала падтрымаў «ланцуг салідарнасьці» 18 чэрвеня і прыехаў у цэнтар Менску ўначы разам з жонкай.

Але найбольш запомніцца масавая адбракоўка подпісаў за Валера Цапкалу. ЦВК забракавала 63% пададзеных за гэтага кандыдата подпісаў, што робіць немагчымым ягоны далейшы ўдзел у прэзыдэнцкай гонцы.

29 чэрвеня МУС заявіла пра перадсьледчую праверку Валера Цапкалы па заяве турэцкага бізнэсоўца Сэдата Ідгеджы. Нібыта Цапкала не заплаціў яму за будаўніцтва свайго дому. Сэдат Ідгеджы расказаў таксама брудныя рэчы пра тое, як Цапкала нібыта карыстаўся паслугамі жанчын лёгкіх паводзін. Але Цапкала гэта абверг.

Сьвятлана Ціханоўская: Падтрымка мужа і разгром «Страны для жизни»

Сьвятлана Ціханоўская — жонка стваральніка Youtube-каналу «Страна для жизни» і палітзьняволенага Сяргея Ціханоўскага пайшла на выбары, каб «дапамагчы мужу». Сьпярша дакумэнты ў ЦВК падаваў сам Сяргей Ціханоўскі, але яго не зарэгістравалі. Тады, нечакана для ўсіх, у прэтэндэнты на прэзыдэнцтва пайшла Сьвятлана. Карыстальнікам інтэрнэту добра запомніўся ейны адказ пра матывацыю ўдзелу ў выбарах на паседжаньні ЦВК: «Усё жыцьцё пра гэта марыла». Такім чынам Сьвятлана патроліла Лідзію Ярмошыну, бо сама ня раз прызнавалася, што ў палітыку ісьці ніколі ня думала.

Празь ціск на сябе Сьвятлана хацела была нават зьняцца з выбараў, бо «невядомыя пагражалі бясьпецы яе дзяцей». Але потым перадумала і працягнула кампанію.

За сваё вылучэньне Сьвятлана сабрала 110 тысяч подпісаў, выбарчыя камісіі прызналі сапраўднымі 106 тысяч. Кампанія Сьвятланы Ціханоўскай запомнілася доўгімі чэргамі зь людзей, якія хацелі паставіць свой подпіс, а таксама жорсткім перасьледам сяброў яе ініцыятыўнай групы: іх затрымлівалі на пікетах, частку наогул абвінавацілі ў падрыхтоўцы «масавых беспарадкаў» і зьмясьцілі ў СІЗА.

Ганна Канапацкая: «Я адзіны канкурэнт Лукашэнку»

Ганна Канапацкая пасьля здачы сабраных подпісаў у ЦВК
Ганна Канапацкая пасьля здачы сабраных подпісаў у ЦВК

Заявы Ганны Канапацкай — вось што найперш запомнілася зь яе ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Найбольш ад Ганны даставалася Віктару Бабарыку ды іншым кандыдатам. Сябе ж Ганна называе няйнакш як «адзіны палітык — канкурэнт Лукашэнкі».

Дзіўна выглядае і гісторыя подпісаў, сабраных за Канапацкую. Сьпярша Ганна заявіла, што падала ў выбарчыя камісіі 110 тысяч подпісаў, але ЦВК назвала лічбу 146 тысяч. Пазьней Канапацкая сказала, што «гэта толькі яна падала 110 тысяч, а каманда данесла астатнія».

Сяргей Чэрачань: Прызнаў, што ЦВК далічыла яму «лішнія подпісы»

Сяргей Чэрачань праводзіў акуратную кампанію і асабліва не праяўляў рэзкай палітычнай актыўнасьці. Запомнілася ягоная прынцыповая пазыцыя што да пададзеных у ЦВК подпісаў.

Чэрачань заявіў, што падаў 106 тысяч подпісаў, а ЦВК налічыла яму 143 тысячы. Сяргей Чэрачань шчыра сказаў, што подпісаў было 106 тысяч і ён «ня ведае, адкуль маглі ўзяцца іншыя». Пасьля гэтай заявы каманда Чэрачня заявіла пра ціск на яго.

Ён жа стварыў галасавалку «Чё делать», дзе запытаўся, ці варта яму здымацца з выбараў. На 13 ліпеня там перамагае варыянт застацца ў выбарчай гонцы.

Андрэй Дзьмітрыеў: Гатовы да супрацы зь іншымі кандыдатамі

Кампанія Андрэя Дзьмітрыева не запомнілася гучнымі акцыямі ці заявамі, а хутчэй праверкай сапраўднасьці подпісаў. У камісіі Андрэй Дзьмітрыеў падаў 106 тысяч подпісаў, і столькі ж прызналі сапраўднымі. Хаця ў некаторых камісіях подпісы за яго прызнавалі несапраўднымі.

Андрэй Дзьмітрыеў заяўляў, што «гатовы падтрымаць іншых прэтэндэнтаў», але апроч Канапацкай і Лукашэнкі.

Аляксандар Лукашэнка: «Мы ім краіну не аддамо!»

Аляксандар Лукашэнка ў гэтай кампаніі запомніўся жорсткай рыторыкай у адносінах да сваіх канкурэнтаў: «Мы ім краіну не аддамо! Краіну яны не атрымаюць!» — выказваўся ён. Таксама Лукашэнка не саромеўся ў выразах, называючы іншых канкурэнтаў «пузатымі буржуямі», якіх трэба «прашарсьціць». Зь ягоных словаў пачалася і крымінальная справа ў адносінах да «Белгазпрамбанку», і перадсьледчая праверка ў адносінах да Валера Цапкалы.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG