Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дамах сям'і Бабарыкаў праходзіць ператрус, самога Віктара Бабарыку і ягонага сына дапытваюць. ФОТА, ВІДЭА

абноўлена

Каля дому патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Віктара Бабарыкі, 18 чэрвеня

Штаб патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі пацьвердзіў Свабодзе зьвесткі аб ператрусе ў доме сям’і Бабарыкаў, які фармальна належыць сыну патэнцыйнага кандыдата Эдуарду, у вёсцы Мачаны Лагойскага раёну​.

Зьвесткі пра ператрус зьявіліся днём 18 чэрвеня. Атрымаць камэнтары ў Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў і Сьледчага камітэту Свабодзе не ўдалося.​

Дзе Віктар і Эдуард Бабарыкі

Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў
Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард, кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы, перасталі выходзіць на сувязь раніцай 18 чэрвеня.

Ад штабу патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты вядома, што Віктара Бабарыку і ягонага сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку трымаюць у Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў. У штабе пакуль усё спакойна, ператрусаў няма.

Каля 15-ай гадзіны ад будынку Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў ад'ехаў мікрааўтобус без нумароў. Хто ў ім, невядома.

Дзяржаўнае «Агенцтва тэлевізійных навінаў» паведамляла, што Бабарыкі «даюць паказаньні». Адвакатаў да іх не пускаюць, бо ў будынку нібыта «ідуць вучэньні».

Што адбываецца ў доме Бабарыкаў

Мясцовыя жыхары кажуць Свабодзе, што ад пачатку каля дому Бабарыкі было прынамсі два мікрааўтобусы і ня менш за 5 легкавікоў. У аднаго зь мікрааўтобусаў са зьяўленьнем журналістаў адкруцілі нумары проста на вачах карэспандэнта Свабоды.

Блізкая сяброўка Эдурда Бабарыкі Аляксандра Зьверава паведаміла ў Фэйсбуку, што ператрус адбываецца без прысутнасьці ўладальніка.

Вакол дома Бабарыкаў заўважаныя ўзброеныя супрацоўнікі міліцыі ў балаклавах
Вакол дома Бабарыкаў заўважаныя ўзброеныя супрацоўнікі міліцыі ў балаклавах

Людзі ў цывільным хаваюцца ад камэр. Зь мікрааўтобуса пры журналістах Свабоды зьнялі нумары
Людзі ў цывільным хаваюцца ад камэр. Зь мікрааўтобуса пры журналістах Свабоды зьнялі нумары

Вобшук праходзіць яшчэ ў адным доме Эдуарда Бабарыкі

Па словах сяброўкі Эдуарда Бабарыкі, рыхтуецца таксама ператрус у кватэры, дзе яны жывуць разам.

«Паступіла інфармацыя, што ў кватэры Эдзіка, дзе мы жывем разам, таксама рыхтуецца ператрус, — напісала Аляксандра Зьверава, дадаўшы, што «гэты ператрус будзе таксама праходзіць без прысутнасьці ўладальніка». — Наяўных грошай, наркотыкаў і „залатых зьліткаў“ у кватэры няма. Карціны ёсьць. Іх аўтар — Даша Сямёнава».

Паводле Зьверавай, яна з Эдуардам «не зьвязаная ніякім юрыдычным статусам», не прыцягвалася да крымінальнай адказнасьці, ня займала кіроўных пасад, ніякіх доляў у кампаніі ў яе няма, таму ў выпадку, калі яе затрымаюць, «гэта будзе зроблена насуперак здароваму сэнсу».

Пасьля 1530 Аляксандра Зьверава паведаміла ў Фэйсбуку, што распачаўся вобшук яшчэ ў адным доме Эдуарда Бабарыкі на вуліцы Ліпавай у Менску.

Што кажуць улады

Па стане на 15:20 тэлефоны ў прэс-службе і прыёмнай Камітэта дзяржкантролю, у структуру якога ўваходзіць Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў, не адказваюць.

Прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Вольга Чамаданава на запыт карэспандэнта Свабоды, дзе знаходзіцца Віктар Бабарыка і хто яго затрымліваў, адказала, што такой інфармацыі ў яе няма.

«Пра вобшукі я чытала ў інтэрнэце, але такой інфармацыі ў мяне пакуль няма», — сказала яна.

Што адбывалася раней

Днём раней быў арыштаваны выбарчы фонд Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.

У той дзень Бабарыка расказаў, што ў «справе Белгазпрамбанку», якім ён кіраваў 20 гадоў, затрымалі два дзясяткі чалавек. Таксама ў межах справы сканфіскавалі мастацкую калекцыю банку. Арыштавалі ў тым ліку каардынатарку штабу Бабарыкі, але ў межах якой справы, невядома.

Бабарыка ацэньвае «справу Белгазпрамбанку» як атаку асабіста на яго, хоць сам у справе не фігуруе: ён згадвае пра загад Лукашэнкі «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG