Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец быў 10 дзён у карцэры, на знак пратэсту парэзаў сабе руку перад чарговым судом


Павал Севярынец, архіўнае фота

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, асуджаны сумарна на 75 сутак арышту, празь відэасувязь паведаміў на чарговым судзе над ім, што 10 дзён быў у карцэры без усіх рэчаў, на знак пратэсту парэзаў руку.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Як піша праваабарончы цэнтар «Вясна», 18 чэрвеня Севярынца судзяць праз Skype у судзе Фрунзенскага раёну Менску паводле арт. 23.34 КаАП РБ — за «парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў».

Павал Севярынец парэзаў руку на знак пратэсту супраць таго, што забралі яго асабістыя рэчы і Біблію, пацьвердзіла Свабодзе маці палітыка Тацяна Севярынец. Ён ня мог ускрыць вены, мяркуе яна.

«Гэта ж да чаго трэба было давесьці чалавека, каб ён наважыўся на такі ўчынак», — кажа Тацяна Севярынец.

Першыя 15 дзён Паўлу Севярынцу прысудзілі 8 чэрвеня. Ранейшыя арышты Севярынцу прысудзілі паводле таго ж артыкула. Таксама Севярынца вінавацілі ў «непадпарадкаваньні патрабаваньням міліцыі».

Севярынец заявіў хадайніцтва аб вядзеньні працэсу па-беларуску, а таксама адвод судзьдзі і сакратару, спасылаючыся на тое, што незалежнага суду не існуе і людзей судзяць незаконна.

Як сказаў Свабодзе паплечнік Севярынца Аляксей Шэін, Павал на судзе заявіў, што ўжо 10 дзён знаходзіцца ў карцэры ІЧУ ў «бесчалавечных умовах»: адключылі ваду, сканфіскавалі асабістыя рэчы. Паводле ягоных зьвестак, аналягічным чынам трымаюць і іншых зьняволеных за палітычную актыўнасьць.

Севярынец падчас трансьляцыі сказаў, што на знак пратэсту супраць катаваньняў яго і іншых палітычных «парэзаў руку». Як мяркуе Аляксей Шэін, гэта магло азначаць, што ён ускрыў сабе вены. Праўда, праз манітор не было відаць, што ў зьняволенага пашкоджаная ці перабінтаваная рука.

Прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава пазьней напісала ў Тэлеграме, што «ў інтэрнэце зьявіўся чарговы фэйк» пра тое, што Севярынец ускрыў сабе вены.

«Канваір на маніторы відэаназіраньня яшчэ тыдзень таму ўбачыў, як Севярынец цёрся рукой аб краты ў камэры. Дзеяньні былі прыпыненыя міліцыянтам і выкліканы мэдработнік, толькі дапамога не спатрэбілася. Дадаткова паведаміць няма чаго. Любую іншую інфармацыю варта расцэньваць як ілжывую», — заявіла Чамаданава і дадала, што «па факце распаўсюду заведама ілжывай інфармацыі» правядуць праверку.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG