Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынцу — 15 сутак. Жонку з малым сынам не пусьцілі на суд


Павал Севярынец на акцыі каля Камароўскага рынку 7 чэрвеня

Сустаршыні БХД Паўлу Севярынцу прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Судзьдзя палічыў, што Севярынец 7 чэрвеня ўдзельнічаў у несанкцыянаванай вулічнай акцыі ў Менску, каля Камароўскага рынку. У гэты дзень прадстаўнікі 8 ініцыятыўных груп зьбіралі подпісы за сваіх прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнта.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Судзьдзя Яўген Пісарэвіч асудзіў Паўла Севярынца за ўдзел у несанкцыяванай акцыі (10 сутак) і непадпарадкаваньне патрабаваньням міліцыі (5) — агулам 15. Севярынец сказаў, што гэта беззаконьне — асуджаць за дазволены пікет падчас выбарчай кампаніі.

«Мяне затрымлівалі вельмі жорстка. Непакоюся за тых, хто мяне абараняў пры затрыманьні», — сказаў Севярынец. У судзе ён быў у мэдычнай масцы.

Судзілі актывіста ў Фрунзенскім раённым судзе. Працэс пачаўся без назіральнікаў і журналістаў, на суд не пусьцілі і жонку Паўла Севярынца Вольгу, якая прыйшла з малым сынам.

Ужо пасьля допыту двух сьведак-міліцыянтаў на працэс удалося прайсьці карэспандэнту Свабоды і пачуць паказаньні, якія давала суду сьведка Вольга Кавалькова. Прэтэндэнтка ў кандыдаты на прэзыдэнта Вольга Кавалькова тлумачыла суду выбарчае заканадаўства, паводле якога, зь яе словаў, падчас збору подпісаў грамадзяне маюць права знаходзіцца побач і весьці размовы, у тым ліку абмяркоўваць праблемы.

«Закон не патрабуе для такіх сустрэч і размоў атрыманьня адмысловага дазволу мясцовых уладаў», — зазначыла Вольга Кавалькова, чыя ініцыятыўная група таксама зьбірала 7 чэрвеня подпісы каля Камароўскага рынку.

Павал Севярынец у апошнім слове настойваў, што людзі, якія сабраліся ўчора каля Камароўскага рынку, і ён у тым ліку, не парушалі закону. Севярынец назваў паказаньні сьведак-міліцыянтаў ілжывымі і сказаў, што за гэтыя паказаньні іх могуць прыцягнуць да адказнасьці. Таксама Павал Севярынец зьвярнуўся да судзьдзі. Паводле актывіста, у выпадку перамогі дэмакратычных сілаў у Беларусі адбудзецца люстрацыя і судзьдзі, якія выносяць незаконныя прысуды, пазбавяцца працы.

Паводле назіральнікаў, 7 чэрвеня а 14 гадзіне на пляцоўцы каля Камароўскага рынку, дзе зьбіралі подпісы прадстаўнікі 8 ініцыятыўных групаў, знаходзіліся больш за 1,5 тысячы чалавек, частка зь іх бралі ўдзел у сустрэчы, на якой людзі выказваліся ў «вольны мікрафон».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG