Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар і Эдуард Бабарыка «даюць паказаньні» ў ДФР без адвакатаў, якіх не дапускаюць у будынак


Эдуард і Віктар Бабарыкі

Прадстаўнікі штабу патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі паведамілі 18 чэрвеня, што ня могуць трапіць у Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў, дзе трымаюць Віктара і яго сына Эдуарда Бабарыку. Іх дапытваюць без адвакатаў, адзначае штаб.

Ці затрыманыя яны і які іхны працэсуальны статус, у штабе Бабарыкі Свабодзе сказаць не змаглі, бо ніякай афіцыйнай інфармацыі няма, а адвакатаў да іх не дапускаюць.

Адвакаты Бабарыкі Пыльчанка і Лаеўскі прыбылі да будынку ДФР на вуліцы Кальварыйскай у Менску, але ня могуць трапіць у яго. Яны заявілі, што будуць пісаць скаргу.

Аляксандар Пыльчанка расказаў TUT.BY, што адвакаты Віктара і Эдуарда Бабарыкаў спрабуюць трапіць да сваіх кліентаў з 9.30. Адвакаты адправілі на пошту ДФР і КДК апавяшчэньне аб прыняцьці на сябе абароны, але адказу няма. Скаргу на затрыманне падаць таксама не ўдаецца.

Паводле адвакатаў, права Бабарыкі на юрыдычную дапамогу парушаецца, а паводле арт. 62 Канстытуцыі кожны мае права на юрыдычную дапамогу і кожны можа ёю скарыстацца.

Адвакаты ўпэўненыя, што Бабарыку няма чаго хаваць, але даваць паказаньні без адваката ён ня будзе.

Аляксандр Пыльчанка распавёў пра затрыманьне Бабарыкаў: «Яго не выклікалі на допыт, спынілі машыну і прапанавалі праехаць».

Афіцыйных пацьверджаньняў затрыманьня па-ранейшаму няма, ДФР і Сьледчы камітэт не камэнтуюць расьсьледаваньня і не адказваюць на званкі.

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард, кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы, перасталі выходзіць на сувязь раніцай 18 чэрвеня.

Першым пра бацьку і сына Бабарыкаў у ДФР паведаміў ананімны Telegram-канал «Папаратор». Паведамленьне адтуль перапублікавала ў сваім тэлеграме дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА. У паведамленьні сьцьвярджаецца, што Бабарыкаў быццам даставілі ў ДФР для сьледчых дзеяньняў, «зьвязаных зь нясплатай падаткаў і легалізацыяй незаконна атрыманых даходаў».

Пазьней пра затрыманьне Бабарыкаў у такіх абставінах паведаміў Telegram-канал дзяржаўнага «Агенцтва тэлевізійных навінаў». Паводле каналу, абодва «акуратна даюць паказаньні», прэтэнзіяў апэратыўнікам не выстаўляюць.

«Віктар і Эдуард „акуратна даюць паказанні“, што зьяўляецца сьледчым дзеяньнем без прысутнасьці адвакатаў, — адзначаюць у штабе Бабарыкі. — Адвакатаў Віктара і Эдуарда не дапусьцілі са спасылкай на тое, у будынку праходзяць „вучэньні“».

Днём раней быў арыштаваны выбарчы фонд Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.

У той дзень Бабарыка расказаў, што ў «справе Белгазпрамбанку», якім ён кіраваў 20 гадоў, затрымалі два дзясяткі чалавек. Таксама ў межах справы сканфіскавалі мастацкую калекцыю банку. Арыштавалі ў тым ліку каардынатарку штабу Бабарыкі, але ў межах якой справы, невядома.

Бабарыка ацэньвае «справу Белгазпрамбанку» як атаку асабіста на яго, хоць сам у справе не фігуруе: ён згадвае пра загад Лукашэнкі «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG