Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канапацкая: «Толькі два сур’ёзныя палітыкі ўдзельнічаюць у сёлетняй кампаніі — я і Лукашэнка»


Ганна Канапацкая

Удзельніца прэзыдэнцкай кампаніі Ганна Канапацкая заявіла, што ня будзе здымацца з выбараў у выпадку рэгістрацыі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Ганна Канапацкая 13 ліпеня прыехала ў суд Ленінскага раёну Горадні, каб падтрымаць сябра сваёй ініцыятыўнай групы Ежы Грыгенчу, якога судзяць за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці».

У перапынку судовага працэсу Канапацкая расказала пра далейшыя пляны сваёй выбарчай кампаніі і выказалася пра сытуацыю ў краіне і пра сваіх канкурэнтаў.

Перш за ўсё Канапацкая выказала ўдзячнасьць Ежы Грыгенчу, каардынатару яе ініцыятыўнай групы, за ягоную працу. Яна сказала, што ў Горадзенскай вобласьці сабралі больш подпісаў, чым пасьпелі здаць, аднак дакладнай лічбы прэтэндэнтка на пасаду прэзыдэнта не прыгадала.

«Я прыхільнік дэмакратычных рэформаў у Беларусі, і тое, што цяпер адбываецца, тыя парушэньні, якія былі відаць няўзброеным вокам падчас правядзеньня працэсу, і тое, што ўлада сёньня не дазваляе людзям адкрыта выказваць сваю думку, то бок абмяжоўвае ў канстытуцыйных правах, гэта недапушчальна, тым больш падчас электаральнай кампаніі», — заявіла Канапацкая.

Ежы Грыгенча размаўляе з Ганнай Канапацкай у судзе
Ежы Грыгенча размаўляе з Ганнай Канапацкай у судзе

Яна адзначыла, што Ежы Грыгенча абураўся складзеным на яго адміністрацыйным пратаколам, спрабаваў абараніць свае правы. На думку Канапацкай, адміністрацыйныя меры ўзьдзеяньня недапушчальныя, тым больш падчас электаральнай кампаніі — ні калі гэта ўзьдзеяньне на вылучэнцаў у прэзыдэнты, ні калі на сябраў іхніх ініцыятыўных груп, ні калі на іншых грамадзянаў Беларусі.

Канапацкая нагадала, што яна яшчэ дэпутаткаю Палаты прадстаўнікоў падымала пытаньне пра легітымнасьць Палаты прадстаўнікоў 7 скліканьня, а таксама пра законнасьць правядзеньня выбараў 9 жніўня.

«Мы бачым, што ўлада дазваляе сабе парушаць іншыя палітычныя правы грамадзян і нават удзельнікаў электаральнага працэсу», — дадала Канапацкая.

«Я адзіная, хто не паддаўся ўплыву расейскіх лялькаводаў»

На ейную думку, яна — адзіны апазыцыйны рэальны праціўнік дзейнага кіраўніка дзяржавы, які праэўрапэйска настроены, які «не паддаўся ўплыву расейскіх лялькаводаў».

«Вы ж бачыце, што я выкарыстоўваю ў сваіх агітацыйных матэрыялах беларускую мову, я выступаю за вяртаньне Дня незалежнасьці на 25 сакавіка... Я адзіная, хто выступаў і выступае за дэнансацыю дамовы паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь, якая парушае ня толькі Канстытуцыю Беларусі, але і Расейскай Фэдэрацыі», — сказала Канапацкая.

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

На ейную думку, толькі два сур’ёзныя палітыкі ўдзельнічаюць у сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі — яна і Аляксандар Лукашэнка. Канапацкая адзначыла, што яна ня будзе здымаць сваю кандыдатуру з выбараў, калі яе зарэгіструюць.

«Каб легітымізаваць выбары? У нас заканадаўства сёньня прадугледжвае магчымасьць выбараў з адным удзельнікам. Сёньня мы бачым, што падтрымка не 60, не 70%, як гэта было 20–30 гадоў таму, і мы ня ведаем, як будзе праходзіць падлік галасоў. Мы разумеем, што адна справа, калі людзі, што сядзяць у тэрытарыяльных камісіях, бачаць, што ў іх прыйшлі і за кандыдата прагаласавалі 50–60%, і яны закрываюць вочы і пішуць 63 або 73. А сёньня, калі рэальная падтрымка складае 25–27%, можа, у іх не падымецца рука напісаць іншыя лічбы», — сказала Канапацкая.

«Здыманьне з выбараў — іх легітымізацыя»

Яна дадала, што на яе ціснуць арганізацыі і іншыя ўдзельнікі электаральнага працэсу, каб яна зьняла сваю кандыдатуру.

«Я мяркую, што здыманьне з выбараў — легітымізацыя выбараў», — сказала Канапацкая.

Яна дадала, што сёньня варта пераглядаць нормы Канстытуцыі, якія тычацца выбараў. Прыкладам, варта было б зьбіраць ня 100 тысяч подпісаў, а лепш 5–10% подпісаў ад колькасьці ўсіх патэнцыйных выбаршчыкаў. Да таго ж, лічыць Канапацкая, добра было б увесьці грашовы цэнз.

Ганна Канапацкая і Ежы Грыгенча
Ганна Канапацкая і Ежы Грыгенча

Пра Бабарыку: «Слуга рэжыму»

Канапацкая выказалася наконт кандыдатуры Віктара Бабарыкі.

«Я мяркую, што вельмі многія прэтэндэнты на кандыдацтва выканалі сваю задачу. Вельмі складана быць слугой рэжыму, а потым у момант пераўтварыцца ў рэвалюцыянэра-рэфарматара, гэта немагчыма. Усім удзельнікам электаральнай кампаніі я хачу пажадаць сіл, мужнасьці», — сказала Канапацкая.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG