Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 сутак арышту і штраф. У Горадні прайшлі суды за «ланцуг салідарнасьці», які расьцягнуўся на паўтара кілямэтра


Актывісты Ежы Грыгенча (першы зьлева), Юлія Карначава (другая зьлева) і патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты Ганна Канапацкая (трэцяя зьлева) на судзе ў Горадні

У судзе Ленінскага раёну Горадні прайшлі адміністрацыйныя суды над горадзенскімі актывістамі Ежы Грыгенчам і Юліяй Карначавай. Іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Горадні.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Грыгенчу пакаралі 10 суткамі адміністрацыйнага арышту, Карначаву — 540 рублямі штрафу.

Справу Грыгенчы разглядала судзьдзя Ларыса Барэль, Карначавай — Руслан Гурын.

Паводле матэрыялаў справы, Грыгенча ўвечары 19 чэрвеня на Савецкай плошчы ў Горадні браў удзел у недазволеным мерапрыемстве. Ён удзельнічаў у «ланцугу салідарнасьці».

Сьведкамі выступілі міліцыянты УУС Горадзенскага аблвыканкаму Алег Седач, Максім Панкратаў, Станіслаў Шутовіч. Прысутнічаў прадстаўнік УУС Горадзенскага аблвыканкаму Максім Кашкевіч.

Грыгенча сваёй віны не прызнаў. Паводле яго, ён спачатку ўдзельнічаў у законным пікеце для збору подпісаў за Ганну Канапацкую, потым пайшоў з Савецкай плошчы Старым мостам у краму па каўбасу, па дарозе спыняючыся, каб прывітацца зь сябрамі, а ў «ланцугу салідарнасьці» ня ўдзельнічаў.

Седач паведаміў, што ён зразумеў, што адбываецца несанкцыянаванае мерапрыемства, бо людзі стаялі шчыльным ланцугом, прыходзілі рэпартэры, бралі інтэрвію ў грамадзян з «ланцуга», адна дзяўчына давала інтэрвію, выказвала адкрыта незадаволенасьць дзейнай уладай.

Да таго ж прыкметы несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, паводле Седача, былі ў тым, што некаторыя ўдзельнікі былі ў чорным адзеньні, у «масках зацьверджанага ўзору», з надпісамі «Страна для жизни», з сымболікай сьцяга Рэспублікі Беларусь 1994 году, гаварылі ўголас выказваньні «Свабоду народу», «Шчасьлівая краіна».

Паводле Шутовіча, пра акцыю было вядома загадзя, людзі дамаўляліся праз мэсэнджары, у прыватнасьці тэлеграм-канал «Страна для жизни». Яго мэтай, як расказаў сьведка, было «выказаць незадаволенасьць законнай дзейнай уладай».

Паводле Панкратава, пра пікетаваньне сьведчыла сымболіка на адзеньні ўдзельнікаў: герб «Пагоня» і надпіс «Страна для жизни». Да таго ж міма праяжджалі аўтамабілі і сыгналілі пікетоўцам.

Суд пакараў Грыгенчу 10 суткамі адміністрацыйнага арышту.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG