Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская заявіла, што ёй пагражалі адабраць дзяцей, калі ня спыніць выбарчую кампанію. ВІДЭА

абноўлена

Сьвятлана Ціханоўская ў Гомлі, 16 чэрвеня

«Шантажаваць дзецьмі – гэта нізка і подла! — кажа Сьвятлана Ціханоўская. — Мне сказалі падумаць: можа, вам варта перастаць здаваць подпісы».

Патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская 16 чэрвеня прыслала Свабодзе відэазварот, у якім заявіла аб пагрозах, якія ёй паступаюць у сувязі з удзелам у выбарах.

Абноўлена: агулам па Гомлі Ціханоўская падала каля 8 тысяч подпісаў у 5 выбарчых камісій, паведамілі Свабодзе сябры ініцыятыўнай групы.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Я знаходжуся ў Гомлі, я прыехала сюды, каб пачаць здаваць подпісы, сабраныя ў маю падтрымку, і на парозе адной з адміністрацый мне паступіў званок з пагрозамі на мой адрас і на адрас маіх дзяцей з умовай таго, што я не павінна працягваць гэтую паездку, — кажа яна. — Перада мною стаіць выбар: дзеці ці далейшая барацьба. Думаю, мой выбар будзе відавочны. Прашу вас з разуменьнем паставіцца да любога майго рашэньня. Хачу сказаць, што калі б Сяргей быў на волі, ён бы сказаў вам не здавацца».

Цяпер, кажа Ціханоўская, яна вагаецца, якое прыняць рашэньне, бо «дзеці даражэйшыя за ўсё». Подпісы яна пакуль не здавала.

Патэнцыйная кандыдатка кажа, што калі зразумее, што пагрозы маюць падставы, то зробіць выбар на карысьць дзяцей, а не палітычнай барацьбы. Цяпер дзеці Ціханоўскіх у Менску з маці Сьвятланы.

Абноўлена, 15.32: Ціханоўская заявіла, што будзе працягваць кампанію, нягледзячы на пагрозы. У падтрымку Ціханоўскай выказалася жонка іншага патэнцыйнага кандыдата — Валера Цапкалы.

Гомель быў першым горадам, дзе Ціханоўская спрабавала здаць подпісы. Нумар, зь якога тэлефанавалі, быў з украінскім кодам.

Днём раней Ціханоўская сказала Свабодзе, што за яе вылучэньне кандыдаткай у прэзыдэнты сабралі 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі.

У той дзень у Берасьці затрымалі ейнага прэс-сакратара Алякандра Кабанава. Раней арыштавалі ейнага мужа і кіраўніка ініцыятыўнай групы Сяргея Ціханоўскага, а таксама шэраг чальцоў ініцыятыўнай групы, пачалі крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

Пра збор 100 тысяч подпісаў, неабходных для вылучэньня кандыдата, заяўлялі таксама штабы Аляксандра Лукашэнкі, Віктара Бабарыкі, Валера Цапкалы, Ганны Канапацкай. Штаб Натальлі Кісель заявіў, што сабраў 108 тысяч подпісаў, але кандыдатка зьнялася з выбараў пасьля скандалу з прызнаньнем парушэньняў падчас збору подпісаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG