Літва спыніла расьсьледаваньне прымусовай пасадкі самалёта Ryanair, у якім ляцеў Пратасевіч

Пасьля прымусовай пасадкі самалёта ў Менску

Пра спыненьне ўласнага расьсьледаваньня заявіла Генэральная пракуратура Літвы. Польскае расьсьледаваньне працягваецца.

Справу завялі на падставе факту прымусовай пасадкі самалёта авіякампаніі Ryanair Атэны – Вільня, які прымусова пасадзілі ў Менску ў траўні 2021 году, каб затрымаць апазыцыйнага журналіста Рамана Пратасевіча і ягоную дзяўчыну Соф’ю Сапегу.

Супольная літоўска-польская сьледчая група прыняла рашэньне аб працягу дасудовага расьсьледаваньня і прыцягненьня вінаватых да крымінальнай адказнасьці ў Польшчы, дзе вядзецца аналягічная працэдура.

На гэта ў Літве пайшлі, каб пазьбегнуць двайнога пакараньня, таму крымінальнае вядзеньне будзе йсьці толькі на тэрыторыі Польшчы.

Соф’ю Сапегу ў траўні 2022 году асудзілі на 6 гадоў калёніі ў справе «Чорнай кнігі Беларусі». Пасьля 13 месяцаў зьняволеньня яе памілавалі.

3 траўня 2023 году Пратасевіча прыгаварылі да 8 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі. 22 траўня таго ж году яго памілавалі.