Gazeta Wyborcza: спэцслужбы Беларусі для апэрацыі ў дыскрэдытацыі Пратасевіча куплялі на яго імя два аўтамабілі

Раман Пратасевіч. Архіўнае фота

Правакацыя так і засталася б таямніцай, калі б не памылка супрацоўніка беларускай амбасады, адзначае польскае выданьне Gazeta Wyborcza, якое правяло ўласнае расьсьледаваньне наконт плянаў беларускіх спэцслужбаў.

Як піша Gazeta Wyborcza, беларускія службы ў лістападзе 2020 году праз падстаўных асоб набылі серабрысты Opel Astra у Варшаве на імя Рамана Пратасевіча. А празь нейкі час на Пратасевіча купілі яшчэ адзін аўтамабіль — Peugeot Expert, які пераганяў у Літву афіцэр беларускіх спэцслужбаў. Пры гэтым усе апэрацыі былі аформленыя толькі на паперы, Раман аб пакупках аўта нічога ня ведаў і ніколі на іх ня езьдзіў, адзначае выданьне.

Паводле інфармацыі выданьня Gazeta Wyborcza, беларуская выведка пачала сваю апэрацыю неўзабаве пасьля таго, як рэжым уключыў Рамана Пратасевіча ў сьпіс тэрарыстаў. У лістападзе 2020 году МЗС Беларусі патрабавала ад Польшчы экстрадыцыі журналіста. Польшча праігнаравала гэтыя патрабаваньні.

Правакацыя беларускіх спэцслужбаў так і засталася б таямніцай, калі б не памылка супрацоўніка беларускай амбасады, піша Wyborcza.

Пасьля арышту Пратасевіча ў Беларусі супрацоўнік пасольства Беларусі паспрабаваў прадаць адзін з аўтамабіляў. Пакупнікамі сталі прадстаўнікі літоўскай контравыведкі. Пры гэтым беларус ня ведаў, што насамрэч прадае машыну літоўскім спэцслужбам. Літоўцы старанна абшукалі аўтамабіль і сабралі адбіткі пальцаў і сьляды ДНК. Яны таксама паведамілі палякам, што ў іх ёсьць машына, купленая ў сьнежні 2020 году ў перакупшчыка пад Варшавай, і што ў кантракце пазначаны Пратасевіч, выкрадзены праз шэсьць месяцаў беларускімі сілавікамі.

Службы Польшчы сталі высьвятляць, як аўтамабіль незалежнага журналіста, абвінавачанага рэжымам Лукашэнкі у тэрарызьме, апынуўся ў беларускай дыпмісіі.

Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы неўзабаве знайшло ўкраінскага бізнэсоўца Расіма Г. Пасьля арышту бізнэсовец пайшоў на супрацоўніцтва з польскімі службамі.

Высьветлілася, што Расім выступіў пакупніком Opel Astra. Таксама ён расказаў, што купляў таксама Peugeot Expert на імя Пратасевіча. Купіць два аўтамабілі яго папрасіў даўні прыяцель, украінскі бізнэсовец Мікалай Х., які цяпер жыве ў Вэнгрыі. Той прасіў дапамагчы свайму сябру, былому дыплямату зь Беларусі, купіць два аўтамабілі для беларускіх будаўнікоў у Польшчы. Расім Г. расказаў, што Мікалай Х. і ягоны сябар беларус вучыліся разам у вайсковай акадэміі ў Адэсе.

Расім пры гэтым не задаўся пытаньнем, што агульнага ў беларускага дыплямата з будаўнікамі. Абодва разы аўтамабілі забіралі мужчыны, якія добра размаўлялі па-расейску.

Пазьней Peugeot Expert перагналі ў Літву. За стырном быў афіцэр беларускіх спэцслужбаў. Аўта перавысіла хуткасьць і трапіла на камэру дарожнага кантролю.

Тым часам Пратасевіч пераехаў у Вільню, але ўсё ж наведваў Варшаву. Менавіта таму, як сьцьвярджаюць інфарматары выданьня, беларускай выведцы патрэбны былі дзьве машыны, набытыя на яго імя. Адну можна было выкарыстоўваць у Варшаве, а другую ў Вільні, у залежнасьці ад патрэб. Па вэрсіі расьсьледнікаў выданьня, так можна было лёгка падставіць журналіста, напрыклад сьпісаць на яго ДТЗ.

Аднак машыны не выкарыстоўваліся ў выніку для правакацый, зь невядомых прычынаў апэрацыю беларускія спэцслужбы не завяршылі. Як мяркуюць польскія журналісты, прычынай таму стаў лепшы плян рэжыму Лукашэнкі — прымусовая пасадка самалёту Ryanair з мэтай затрыманьня Пратасевіча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ужо сёньня: тры гады таму ўлады прымусова пасадзілі самалёт Ryanair, каб затрымаць Пратасевіча