Ryanair заклікала Менск гарантаваць, што ў беларускай авіяпрасторы не паўторыцца «міжнароднае пірацтва»

Авіякампанія Ryanair 31 студзеня заклікала Менск даць гарантыі, што леташняя сытуацыя з вымушанай пасадкай у Менску самалёта авіякампаніі больш не паўторыцца.

Генэральны выканаўчы дырэктар групы Майкл О’Ліры заявіў, што пакуль такія гарантыі ня будуць дадзеныя, палёты над Беларусьсю ўзнаўляць нельга.

«Я думаю, што для будучыні авіяперавозак вельмі важна, каб у нас не было паўтарэньня таго, што, на маю думку, было першым пасьля Чыкаскай канвэнцыі 1945 году выпадкам міжнароднага пірацтва, арганізаванага дзяржавай», — адзначыў О’Ліры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Улады Беларусі не прадставілі неабходнай інфармацыі», — расьсьледаваньне ІCАО пра пасадку Ryanair у Менску
  • 23 траўня 2021 году адбылася вымушаная пасадка ў Менскім аэрапорце самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня. Пасьля пасадкі беларускія ўлады затрымалі дваіх пасажыраў рэйсу: блогера, аўтара тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былога галоўнага рэдактара каналаў Nexta Рамана Пратасевіча і ягоную сяброўку Соф’ю Сапегу.
  • Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) правяла ўласнае расьсьледаваньне інцыдэнту.
  • У чэрвені 2021 году Эўрапейскі Зьвяз забараніў усім беларускіх авіякампаніям палёты ў паветранай прасторы ЭЗ, а таксама закрыў ім доступ да аэрапортаў ЭЗ.