«Гэта была вельмі варожая атмасфэра». Дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж
Галоўны выканаўчы дырэктар Ryanair Майкл О Ліры
Галоўны выканаўчы дырэктар Ryanair Майкл О Ліры ў аўторак даваў паказаньні спэцыяльнаму камітэту транспарту ў Палаце грамадаў Вялікай Брытаніі пра інцыдэнт з рэйсам Атэны – Вільня, паведамляе газэта The Irish Times.
Што сказаў О Ліры:
адхіленьне рэйсу было «наўмысным парушэньнем усіх міжнародных авіяцыйных правілаў»;
беларускія авіядыспэтчары заявілі лётнаму экіпажу, што яны атрымалі «рэальную пагрозу таго, што калі самалёт увойдзе ў паветраную прастору Літвы ці паспрабуе прызямліцца ў аэрапорце Вільні, на борце выбухне бомба»;
капітан «неаднаразова» прасіў Менск даць адкрытую лінію сувязі з цэнтрам кіраваньня апэрацыямі Ryanair у Варшаве, але яму сказалі: «Ryanair не адказвае», — што было «абсалютнай няпраўдай»;
лайнэр мог прызямліцца ў Польшчы ці іншых краінах Балтыі, пілёта наўпрост не абавязвалі саджаць самалёт у Менску. Але на капітана чынілі «сур’ёзны ціск», каб ён прызямліўся менавіта ў Менску. «Яго не абавязвалі рабіць гэта [саджаць самалёт у Менску], аднак ён ня меў іншай альтэрнатывы»;
пасьля пасадкі ў салён зайшлі «некалькі невядомых асобаў зь відэакамэрамі», якія «неаднаразова спрабавалі прымусіць экіпаж пацьвердзіць на відэа, што ён добраахвотна накіраваўся ў Менск», але «экіпаж адмовіўся зрабіць гэта»;
пасажыраў і экіпаж даставілі ў будынак аэравакзалу, а капітан застаўся на борце самалёта, але кожны раз, калі ён пакідаў кабіну, яго суправаджаў узброены ахоўнік. «Гэта была вельмі варожая атмасфэра».
О Ліры заявіў, што палітыка забароны палётаў — не ў інтарэсах авіяцыйнай галіны і пасажыраў, але немагчыма дазволіць сытуацыі, калі авіяперавозьнікі ды іхныя кліенты рызыкуюць быць выкрадзенымі пад фальшывай маркай, таму «беларускія і/альбо расейскія ўлады» павінны гарантаваць, што падобнае больш ніколі не паўторыцца.
У лісьце камітэту амбасадар Беларусі ў Вялікай Брытаніі Максім Ермаловіч напісаў, што ўлады Беларусі «прынялі ўсе неабходныя захады для гарантаваньня бясьпекі пасажыраў». Ён дадаў, што санкцыі супраць «Белавія» «выходзяць далёка за межы духу супрацы і ўзаемадапамогі».
Амбасадар Ермаловіч быў запрошаны ўзяць удзел у сэсіі, але заявіў, што «ўся адпаведная інфармацыя, якая тычыцца аварыйнай пасадкі», была пададзена ўраду Вялікай Брытаніі і авіяцыйным уладам «адразу пасьля інцыдэнту».
Даклад ICAO аб інцыдэнце з самалётам кампаніі, у выніку якога былі затрыманыя Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега, абяцаюць падаць у бліжэйшыя два тыдні.
Прадстаўнікі Дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі, Сьледчага камітэту, Міністэрства абароны, Дзяржаўнага памежнага камітэту напярэдадні далі прэс-канфэрэнцыю ў Менску.
На ёй камандуючы вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Ўзброеных сілаў Беларусі Ігар Голуб заявіў, што інфармацыя пра тое, што пілёту самалёта Ryanair нібыта пагражаў зьнішчальнік, патрабуючы сесьці ў Менску, хлусьлівая, але пацьвердзіў, што зьнішчальнік сапраўды быў падняты ў паветра.
«Гэта быў не перахоп, МІГ-29 не падыходзіў да „Боінга-737“, ніякага прымусовага развароту і прымусовай пасадкі не было, зьнішчальнік не прымушаў самалёт Ryanair сесьці ў Беларусі, — заявіў Голуб, паводле якога зьнішчальнік знаходзіўся за больш як сто кілямэтраў ад самалёта. — Пілёту былі выдадзеныя рэкамэндацыі, а не загад. Было сказана: мы вам толькі рэкамэндуем, а камандзір сам прыняў рашэньне разьвярнуцца і пайсьці ў аэрапорт Менск-2».