Што казалі на саміце NATO пра Беларусь

Джо Байдэн зь іншымі кіраўнікамі дзяржаваў падчас саміту NATO 14 чэрвеня 2021 г.

Саміт NATO выказаўся ў падтрымку незалежных расьсьледаваньняў пасадкі самалёта Ryanair у Менску, у тым ліку расьсьледаваньня Міжнароднай арганізацыяй грамадзянскай авіяцыі (ІКАО).

Пра гэта гаворыцца ў камюніке альянсу пасьля заканчэньня яго саміту 14 чэрвеня.

«Мы падтрымліваем меры, прынятыя саюзьнікамі індывідуальна і калектыўна ў адказ на гэты інцыдэнт», — гаворыцца ў дакумэнце. — Мы заклікаем Беларусь прытрымлівацца міжнароднага права, паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды ды неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычна зьняволеных, у тым ліку тых, хто ўваходзіць у Саюз палякаў Беларусі».

«Дэмакратычная, сувэрэнная і стабільная Беларусь адпавядае нашым інтарэсам. Саюзьнікі гатовыя да ўзаемавыгаднага партнэрства паміж NATO і Беларусьсю з улікам палітычных умоваў і ўмоваў у сфэры бясьпекі», — падкрэсьліваецца ў дакумэнце.

Удзельнікі саміту дамовіліся сачыць за фарматам і вынікамі беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2021». Яны таксама дамовіліся і надалей заклікаць Расею і Беларусь «дзейнічаць прадказальна і празрыста ў адпаведнасьці зь іх міжнароднымі абавязаньнямі, а таксама абавязаньнямі, прынятымі ў рамках АБСЭ».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У NATO занепакоеныя ростам залежнасьці Беларусі ад Масквы
  • Саміт NATO прайшоў 14 чэрвеня ў Брусэлі. Лідэры 30 краінаў абмеркавалі выклікі з боку Расеі і Кітаю, супрацоўніцтва з Украінай і Грузіяй, а таксама закранулі сытуацыю ў Беларусі. Гэты саміт быў першым для Джо Байдэна на пасадзе прэзыдэнта ЗША. Пасьля саміту ён накіруецца ў Жэнэву, дзе сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным і, як чакаецца, таксама закране беларускае пытаньне.
  • Краіны NATO ўзялі на сябе абавязаньні павялічваць выдаткі на абарону і бясьпеку, а таксама прынялі рашэньне стварыць цэнтар распрацоўкі новых тэхналёгій і праводзіць палітыку кібэрабароны, узгаднілі плян дзеяньняў па скарачэньні шкодных для экалёгіі вайсковых выкідаў, а таксама пацьвердзілі гатоўнасьць прыняць у альянс Украіну і Грузію.