«Допыт на вачах у мільёнаў беларусаў — нізасьць і злачынства». Франак Вячорка, дарадца Ціханоўскай, пра Рамана Пратасевіча

Раман Пратасевіч і кіраўнікі дзяржаўных органаў і ведамстваў перад пачаткам брыфінгу ў Менску 14 чэрвеня

Галоўны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка пракамэнтаваў Свабодзе зьяўленьне палітзьняволенага Рамана Пратасевіча на прэс-канфэрэнцыі прадстаўнікоў сілавых ведамстваў у Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Палітвязень Пратасевіч зьявіўся на брыфінгу МЗС. Чаму Свабода не цытуе ягоныя словы

«Лукашэнка выкарыстоўвае Рамана як трафэй. Яны сагналі самалёт, яны захапілі яго і ягоную дзяўчыну, трымаюць у страху, але гэтая прэс-канфэрэнцыя — дэманстрацыя, як і ў тым прапагандысцкім шоў Маркава. Допыт на вачах у мільёнаў беларусаў — гэта нізасьць, гэта злачынства, гэта форма катаваньня. Тое, што ў яго не зьвязаныя рукі на гэтай прэс-канфэрэнцыі, што ён гаворыць свабодна, ня значыць, што ён перастаў быць закладнікам. Хочацца верыць, што тое, што ён зараз робіць, дапаможа яму выйсьці на свабоду», — кажа Франак Вячорка.

Таксама Франак Вячорка заўважае, што цалкам супраць таго, каб абмяркоўваць словы Рамана Пратасевіча, сказаныя падчас вечаровага шоў на дзяржаўным тэлеканале.

Франак Вячорка

«Самае страшнае было пабачыць там Рамана. З аднаго боку, важна, што ён жывы, а зь іншага — страшна. Таму што цяжка падумаць, пад якім ён псыхалягічным ціскам. Тое, як ён пачаў гаварыць — гэта, вядома, было тое, што ад яго хацелі пачуць. Ён спрабаваў выгаварыцца, гэта была плынь сьвядомасьці, але як адбываўся гэты працэс, мы даведаемся толькі тады, калі ён будзе на свабодзе. Я прынцыпова супраць таго, каб абмяркоўваць зьмест ягоных словаў, бо гэта сьведчаньні, дадзеныя пад прымусам. Раман — закладнік. Калі мэдыя падыходзілі да мяне і прасілі, каб пракамэнтаваў, я казаў: „Ні ў якім разе“. Не камэнтуйма, не прыніжаймася, не падыгрывайма Лукашэнку. Толькі калі Раман будзе на свабодзе, у бясьпецы, мы будзем зь ім размаўляць і абмяркоўваць ягоныя словы. Пакуль ён у лапах рэжыму, мы павінны змагацца за яго вызваленьне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Іх мэтады нагадваюць 1937 год». Былы супрацоўнік ГУБАЗіКу пра тое, як сілавікі маглі атрымаць «прызнаньні» Пратасевіча

Падчас візыту ў Польшчу Сьвятлана Ціханоўская і яе дарадцы сустрэліся з бацькамі Рамана Пратасевіча.

«Гэта было сьлёзна, гэта было балюча, Сьвятлана Ціханоўская пагаварыла з татам і мамай, ім вельмі цяжка, але яны моцныя і трымаюцца. Яны разумеюць, што сын пад ціскам, сын у закладніках і сына трэба ратаваць. Спачатку мы ўсе паперажывалі, потым пачалі думаць, як працаваць далей. І Ціханоўская параіла бацькам, што яны зараз павінны гаварыць, павінны выступаць, павінны быць голасам свайго сына, каб хутчэй вызваліць яго з турмы. Зь іншага боку, наш офіс, юрыдычная каманда працуюць над тым, каб бацькі маглі падаць скаргу на незаконны арышт грамадзяніна, а бацькі могуць гэта зрабіць ад імя Рамана, паколькі сын у закладніках у выніку тэрарыстычнага акту захопу самалёта», — кажа Франак Вячорка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гэта гульні Лукашэнкі: кагосьці запэцкаць, некага падставіць». Мікалай Халезін — аб прозьвішчах, што прагучалі ў «інтэрвію» Пратасевіча

«Мы зараз прапрацоўваем магчымыя вэрсіі і працэдуры, якім чынам прыцягнуць да адказнасьці за згон самалёта менавіта праз скаргу ад імя бацькоў. Мы таксама працуем з Ірляндыяй і Польшчай, каб яны адкрылі крымінальную справу супраць рэжыму Лукашэнкі за захоп самалёта», — сьцьвярджае дарадца Сьвятланы Ціханоўскай.

Пакараць асабіста Лукашэнку, кажа дарадца дэмакратычнай лідаркі, цяжка, бо ён мае імунітэт кіраўніка дзяржавы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

АБСЭ: тэлевізійныя «прызнаньні» Пратасевіча і Сапегі парушаюць іх права на справядлівы суд

«Афіцыйная Беларусь не прызнае бальшыню міжнародных юрыдычных інстанцый, таму прыцягненьне да адказнасьці Лукашэнкі, яго арышт ускладняецца юрыдычнымі абмежаваньнямі, — тлумачыць Франак Вячорка. — Але мы будзем працаваць і з бацькамі, і зь юрыстамі, і са спэцыялістамі, якім чынам прыцягнуць вінаватых да адказнасьці і як пакараць Лукашэнку асабіста. Так ці інакш, вінаватыя ў справе Ryanair трапяць у санкцыйныя сьпісы».