Ігар Чаргінец: «Белавія» ня будзе скарачаць супрацоўнікаў на 50%

Boeing 737-800 авіякампаніі «Белавія» ў небе над Масквой

Авіякампанія «Белавія» ня будзе звальняць палову сваіх супрацоўнікаў, нягледзячы на тое, што ўсе суседнія краіны, апроч Расеі, закрылі сваю паветраную прастору для беларускіх самалётаў.

Гэта вынікае з допіса кіраўніка кампаніі Ігара Чаргінца ў фэйсбуку.

Ігар Чаргінец абурыўся санкцыямі супраць «Белавія» і абвінаваціў суседнія краіны ў празе зарабіць на гэтым.

«І гэта да расьсьледаваньня інцыдэнту, у якім, можа, і ёсьць вінаватыя, але дакладна не „Белавія“. Гэта, вядома ж, поўнае патаптаньне асноў дэмакратыі», — напісаў Чаргінец.

Напярэдадні ў сетках зьявілася выява дакумэнта, паводле якога штат «Белавія» нібыта чакалі скарачэньні на 50%.

28 траўня на сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным Аляксандар Лукашэнка таксама наракаў на санкцыі супраць «Белавіа». «Замачылі на ўсю катушку», — сказаў Пуціну Лукашэнка.

«Ну за што пакаралі працоўны калектыў „Белавія“? За тое, што яны ў COVID іх вывозілі тысячамі. Вось іх аблічча», — заявіў Лукашэнка.

Пуцін, выслухаўшы гісторыю пра «Белавія», сказаў:

«Самалёт прэзыдэнта Балівіі ў свой час пасадзілі, прэзыдэнта вывелі з самалёта — і нічога, цішыня». (Гаворка пра пасадку ў Вене ў 2013 годзе лайнэра, на якім ляцеў Эва Маралес, тады ў самалёце шукалі Эдварда Сноўдэна. Але пасадкі папрасілі самі пілёты, у якіх зламаўся датчык паліва, пісала Washington Post).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і рыхтуюць новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што прывёз у валізцы Пуціну Лукашэнка?