Маці Рамана Пратасевіча: ён, магчыма, у шпіталі ў крытычным стане. МУС: ён у СІЗА, на здароўе ня скардзіцца

Раман Пратасевіч

Маці Рамана Натальля Пратасевіч пацьвердзіла «Белсату», што атрымала такую інфармацыю ад людзей з мэдычных колаў.

Паводле спадарыні Натальлі, яна верыць, што гэта можа быць праўдай, бо ў сына сур’ёзныя праблемы з сэрцам:

«У Рамана ёсьць праблемы з сэрцам, яго праз гэта ў войска не ўзялі. Аднойчы ў яго здарыўся перадынфарктны стан. Мы ўсе сардэчнікі па матчынай лініі. Я, дачка, бабулі, дзядулі. Калі яму нешта там зрабілі, то гэта магло справакаваць прыступ».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Бацька Пратасевіча: «Як вайсковец скажу, што спэцслужбы Беларусі былі не адны»

Спадарыня Натальля кажа, што ня ведае, у якім шпіталі можа быць Раман, бо мэдыкі цяпер вельмі запужаныя.

МУС абвяргае

Паводле МУС, гэтыя зьвесткі не адпавядаюць рэчаіснасьці. У тэлеграм-канале прэс-сакратара МУС паведамляецца:

«Цяпер арыштаваны пад вартай утрымліваецца ва ўстанове „Сьледчы ізалятар № 1“ упраўленьня Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС па г. Менску і Менскай вобласьці.

Скаргаў на стан здароўя ў адміністрацыю ўстановы ад яго не паступала».

Пазьней праўладныя каналы апублікавалі відэа з Раманам Патасевічам, у якім той кажа, што знаходзіцца ў СІЗА № 1, ня мае праблемаў са здароўем і дае прызнальныя паказаньні. На відэа Пратасевіч выглядае загрыміраваным.