У Ryanair назвалі інцыдэнт зь іх самалётам авіяцыйным пірацтвам і заявілі, што там былі супрацоўнікі КДБ

Борт Ryanair пасьля пасадкі ў Вільні ўвечары 23 траўня

Кіраўнік авіякампаніі Ryanair мяркуе, што на борце самалёта з Пратасевічам былі супрацоўнікі беларускага КДБ.

Пра рэакцыю Майкла О’Ліры паведамляе агенцтва ТАСС. Ён назваў інцыдэнт з самалётам «актам фундаванага дзяржавай пірацтва».

«Я не магу гаварыць пра гэта больш падрабязна, паколькі гэтым пытаньнем займаюцца ўлады Эўразвязу і NATO. Здаецца, мэтай уладаў [Беларусі] было затрыманьне журналіста і яго кампаньёна. Мы лічым, што ў аэрапорце з рэйсу сышлі таксама некалькі супрацоўнікаў КДБ», — адзначыў О’Ліры.

Самалёт пасьля доўгага знаходжаньня ў Менску на праверцы праз ілжывае паведамленьне пра бомбу адправіўся ў пункт прызначэньня без шасьці пасажыраў. Але затрымалі толькі Рамана і ягоную дзяўчыну. Невядома, чаму ў Менску выйшлі яшчэ чатыры чалавекі. Гэта і нарадзіла падобную вэрсію.

У атрыманай Свабодай заяве кампаніі Ryanair паведамляецца:

«Ryanair асуджае незаконныя дзеяньні беларускіх уладаў, якія ўчора (23 траўня) перанакіравалі рэйс FR4978 Ryanair у Менск, які быў актам авіяцыйнага пірацтва.
Цяпер гэтым займаюцца агенцтвы па бясьпецы і бясьпецы ЭЗ і NATO. Ryanair цалкам супрацоўнічае зm імі, і мы нz можам камэнтаваць далей з меркаваньняў бясьпекі».