На БелАЭС правялі трэніроўку «ў складаных сыстэмных умовах»

БелАЭС, ілюстрацыйнае фота

Кампанія «Белэнэрга» расказала ў Telegram, што 5 жніўня на Беларускай АЭС, якую будуюць у Астраўцы, прайшла міжсыстэмная проціаварыйная трэніроўка падачы напружаньня на патрэбы станцыі на выпадак «асаблівай аварыйнай сытуацыі».

У трэнінгу ўзяў удзел як пэрсанал БелАЭС, так і прадстаўнікі «Віцебскэнэрга». Яны адпрацоўвалі ўзаемадзеяньне пры ўзьнікненьні «няштатных сытуацыяў, парушэньня рэжымаў работы абсталяваньня», у тым ліку «пасьля найбольш цяжкіх парушэньняў нармальнага рэжыму з частковым ці поўным пагашэньнем энэргасыстэмы».

«Паводле легенды трэнінгу, утварылася складаная рэжымная сытуацыя, калі значная частка энэргасыстэмы засталася без напружаньня, адключыліся практычна ўсе крыніцы генэрацыі, — расказвае «Белэнэрга». — У такой сытуацыі была пастаўлена задача ў самы кароткі час стварыць перадачу магутнасьці ад блёку Лукомльскай ГРЭС, які застаўся працаваць, на шыны Беларускай АЭС для забесьпячэньня работы дапаможнага абсталяваньня, абароны і аўтаматыкі, сыстэмаў бясьпекі, уключэньня адключанага абсталяваньня ў працу».

З задачай, як сьцьвярджае «Белэнэрга», справіліся пасьпяхова, пасьля падрабязна разабралі дзеяньні ўдзельнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

За два дні да выбараў заплянавалі пачаць загрузку ядзернага паліва на БелАЭС. Але не фізычны пуск

Ужо сёньня, 7 жніўня, на БелАЭС пачнуць загружаць ядзернае паліва. Раней была інфармацыя, што ў гэты дзень, за два дні да прэзыдэнцкіх выбараў, адбудзецца фізычны пуск станцыі, але загрузка паліва — толькі першы этап дзеяньняў, неабходных для фізычнага пуску. Калі ж адбудзецца сам пуск, афіцыйна не паведамляецца — вядома толькі, што ён заплянаваны на 2020 год.