Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За два дні да выбараў заплянавалі пачаць загрузку ядзернага паліва на БелАЭС. Але не фізычны пуск


Вучэньні на Беларускай АЭС, 2019 год

Загрузка ядзернага паліва ў рэактар першага энэргаблёку Беларускай АЭС пачнецца 7 жніўня, паведамілі ў Міністэрстве энэргетыкі. Раней казалі, што на гэты дзень заплянаваны ўжо фізычны пуск.

«Пачнецца загрузка ядзернага паліва ў актыўную зону рэактара першага энергаблёку БелАЭС. Гэта адзін з этапаў працэсу ўводу энергаблёку ў эксплюатацыю», — спасылаецца БелТА на прадстаўніцу ведамства Вольгу Казловіч.

Яна дадала, што цягам жніўня ў рэактар загрузяць 163 цеплавыдзяляльныя зборкі зь ядзерным палівам.

Раней крыніцы ў «Росатоме» паведамлялі, што нібыта на 7 жніўня заплянаваны фізычны пуск БелАЭС, але пры такім раскладзе гэта выглядае неверагодна: загрузка паліва — толькі першы этап працэдур, патрэбных для пуску.

Пра фізычны пуск афіцыйна паведамлялася толькі, што яго плянуюць у 2020 годзе. Міністэрства энэргетыкі тлумачыць, што пасьля загрузкі паліва яшчэ будуць уключаць галоўныя цыркуляцыйныя помпы для разагрэву цепланосьбіта першага контуру рэактарнай устаноўкі, выводзіць рэактар на мінімальны кантраляваны ўзровень (у гэты момант пачынаецца ланцужная рэакцыя) з правядзеньнем выпрабаваньняў і паступовым давядзеньнем рэактарнай устаноўкі да праектных парамэтраў.

Міністэрства надзвычайных сытуацыяў пакуль толькі дало дазвол на загрузку паліва, пасьля мусіць выдаваць дазволы на выпрабаваньні ў падкрытычным стане рэактарнай устаноўкі, выкананьне фізычных экспэрымэнтаў на мінімальна кантраляваным узроўні і наступныя этапы.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Беларусь вырабляе дастаткова электраэнэргіі для ўласных патрэбаў і без АЭС, Літву і Эстонію можа падтрымаць Латвія (хоць і не зьбіраецца ўводзіць эмбарга), Польшча зьбіраецца будаваць уласную АЭС, гэтаксама як Фінляндыя.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG