Пуск БелАЭС заплянавалі на жнівень. Да ці пасьля выбараў, невядома

«Цяпер будаўніча-мантажныя работы на першым энергаблёку БелАЭС выкананыя на 98%». Дата пуску дагэтуль не названая.

Загрузка ядзернага паліва і пераход да фізычнага пуску першага энэргаблёку Беларускай АЭС у Астраўцы заплянаваны на жнівень 2020 году, перадае «Інтэрфакс» заяву дырэктара дэпартамэнту ядзернай энэргетыкі Беларусі Васіля Палюховіча.

«Цяпер будаўніча-мантажныя работы на першым энергаблёку БелАЭС выкананыя на 98%, — сказаў Васіль Палюховіч 22 ліпеня. — Цяпер на першым энергаблёку завяршаюцца аздабленчыя работы і ўпарадкаваньне тэрыторыі».

Сьвежае ядзернае паліва ўжо даставілі на пляцоўку атамнай электрастанцыі і зьмясьцілі ў сховішча, яно прайшло кантроль. На другім энэргаблёку работы завершылі на 72%.

Колькі дзён зойме загрузка паліва і падрыхтоўка да фізычнага пуску, невядома. Раней з розных крыніц паступалі супярэчлівыя паведамленьні аб тым, ці запусьцяць станцыю да прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня, ці пасьля іх.

У канцы чэрвеня амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка паведаміў журналістам, што пачаць загрузку ядзернага паліва ў першы энэргаблёк (з чаго і пачынаецца этап фізычнага пуску) плянуецца ў жніўні, а ня ліпені, як меркавалася раней. Празь некалькі дзён гэтую інфармацыю пацьвердзіў у інтэрвію ТАСС яго расейскі калега Дзьмітрый Мезенцаў. Сямашка казаў, «стаіць задача ў 2021 годзе, у першым квартале прынамсі, цалкам запусьціць у прамысловую эксплюатацыю першы энэргаблёк».

Кіраўнік расейскай кампаніі «Росатом», якая будуе Беларускую АЭС у Астраўцы, заявіў у звароце 16 ліпеня, што ягоная кампанія разьлічвае на фізычны пуск БелАЭС «у першыя дні жніўня». За дзень да яго міністар энэргетыкі казаў, што работы для падрыхтоўкі першага энэргаблёку Беларускай АЭС знаходзяцца на завяршальным этапе​, але на пытаньне пра дату фізычнага пуску адказаў заклікам «не сьпяшацца», бо «на першым месцы стаяла і стаіць бясьпека​».

Аляксандар Лукашэнка яшчэ 5 чэрвеня заяўляў, што АЭС у Астраўцы запусьцяць «літаральна празь некалькі дзён».

​
XS
SM
MD
LG