Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Літвы паабяцаў зрабіць Астравецкую АЭС «эканамічна нежыцьцяздольнай»


У Вільні каля прэзыдэнцкага палаца 16 чэрвеня прайшоў мітынг пратэсту супраць плянаванага ў наступным месяцы запуску Астравецкай АЭС у Беларусі.

Пра гэта паведамляе рэсурс delfi.lt, адзначаючы, што ў пратэсьце ўдзельнічаў Вітаўтас Ландсбэргіс, першы кіраўнік незалежнай Літвы.

Да мітынгоўцаў выйшаў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа. «Мы павінны зрабіць усё, каб праект БелАЭС быў эканамічна нежыццяздольны», — сказаў ён, адзначаючы, што канкрэтныя дзеяньні ў гэтым кірунку вызначыць Дзяржаўная рада абароны Літвы.

«Калі [праект] ня будзе жыцьцяздольны, а ён такім ня будзе, калі не апраўдаюць сябе асноўныя складнікі бізнэс-пляну, бо [ўлады Беларусі] нешта плянавалі, плянавалі пусьціць экспарт на Захад, [але] сёньня гэтага няма, і ня будзе. Тут мы павінны стаяць на сваім і зрабіць гэты праект галаўным болем, калі хочаце, для самога Крамля», – дадаў Наўседа.

Калі Ландсбэргіс сказаў, што за Астравецкай АЭС стаіць Крэмль, а ня Менск, Наўседа пагадзіўся.

«Вы слушна сказалі. Напэўна, і сам факт, што, наколькі мне вядома, на адкрыцьцё прыедзе і кіраўнік гэтай краіны, шмат пра што кажа. Але глядзіце, мы ведаем, чаго дамагаемся, і мы будзем дамагацца гэтага ўсімі магчымымі спосабамі», – сказаў Наўседа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG