Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БелАЭС разьлічваюць запусьціць яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў


Будоўля БелАЭС, архіўнае фота

Кіраўнік расейскай кампаніі «Росатом», якая будуе Беларускую АЭС у Астраўцы, заявіў у звароце 16 ліпеня, што ягоная кампанія разьлічвае на фізычны пуск БелАЭС «у першыя дні жніўня».

У Беларусі «Росатом» актыўна працуе над атрыманьнем дазволу на правядзеньне фізычнага пуску атамнай электрастанцыі, будаўнічыя работы таксама ідуць актыўна, сказаў генэральны дырэктар «Росатом» Аляксей Ліхачоў.

Днём раней міністар энэргетыкі Віктар Каранкевіч казаў, што работы для падрыхтоўкі першага энэргаблёку Беларускай АЭС знаходзяцца на завяршальным этапе​, але на пытаньне пра дату фізычнага пуску адказаў заклікам «не сьпяшацца», бо «на першым месцы стаяла і стаіць бясьпека​».

Аляксандар Лукашэнка 5 чэрвеня заяўляў, што АЭС у Астраўцы запусьцяць «літаральна празь некалькі дзён».

У канцы чэрвеня амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка паведаміў журналістам, што пачаць загрузку ядзернага паліва ў першы энэргаблёк (з чаго і пачынаецца этап фізычнага пуску) плянуецца ў жніўні, а ня ліпені, як меркавалася раней. Празь некалькі дзён гэтую інфармацыю пацьвердзіў у інтэрвію ТАСС яго расейскі калега Дзьмітрый Мезенцаў.

Толькі пасьля завяршэньня загрузкі паліва, што можа заняць не адзін дзень, стане магчымым фізычны пуск. Сямашка казаў, «стаіць задача ў 2021 годзе, у першым квартале прынамсі, цалкам запусьціць у прамысловую эксплюатацыю першы энэргаблёк».

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзіцца пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, у 22 км ад мяжы зь Літвой, у каля 50 км ад Вільні і 125 км ад Менску.
  • Запуск першага энэргаблёку заплянаваны на ліпень 2020 году, другога — на 2021 год. Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі, першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Аляксандар Лукашэнка пазьней заявіў, што тэрміны сарвала Расея.
  • Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту ў Расеі працуюць блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2.
  • Астравецкая АЭС узводзіцца расейцамі — дзяржаўнай кампаніяй «Росатом» — за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплёатацыю АЭС, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Замежных пакупнікоў энэргіі зь БелАЭС не знайшлі. Беларусь вырабляе дастаткова электраэнэргіі для ўласных патрэбаў і без АЭС, Літву і Эстонію можа падтрымаць Латвія (хоць і не зьбіраецца ўводзіць эмбарга), Украіна адмовілася ад любой электраэнэргіі зь Беларусі, Польшча зьбіраецца будаваць уласную АЭС, таксама як Фінляндыя.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • Запуск БелАЭС плянуецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу. На пляцоўцы зафіксавалі каля 100 выпадкаў заражэньня рабочых, «Росатом» узмацніў захады бясьпекі. Эколягі абвінавацілі Дэпартамэнт ядзернай бясьпекі ў бязьдзеяньні ў сувязі з каранавірусам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG