Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонія раскрытыкавала стаўленьне Літвы да імпарту электраэнэргіі зь Беларусі


Астравецкая АЭС

Эстонскі чыноўнік раскрытыкаваў Літву за меркаваную непасьлядоўнасьць, заявіўшы, што «цяжка пасьпяваць» за зьменлівымі пазыцыямі Вільні адносна імпарту энэргіі зь Беларусі, піша lrt.lt

У заяве, апублікаванай ERR News, намесьнік генэральнага сакратара Эстоніі ў справах энэргетыкі Тыма Татар сказаў, што «некалькі гадоў таму» Літва «спрабавала пераканаць Эстонію і Латвію ў тым, што падтрымка прыярытэтнага гандлёвага калідору (200 МВт) паміж Беларусьсю і Літвой была абсалютна неабходнаю для бясьпекі паставак».

Аднак апошнія некалькі гадоў Літва спрабуе згуртаваць Эстонію і Латвію для байкоту беларускага імпарту электраэнэргіі з Астравецкай АЭС.

На мінулым тыдні прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа праігнараваў штогадовую сустрэчу лідэраў краін Балтыі з прычыны немагчымасьці дамовіцца аб сумеснай пазыцыі. Ён таксама зьвярнуўся ў Эўрапейскую камісію па пасярэдніцтва ў балтыйскай спрэчцы.

Балтыйскія сеткавыя апэратары, паводле Татара, «толькі што падалі заяўку на інвэставаньне ў Эўрапейскую камісію для другога этап праекту сынхранізацыі краін Балтыі», «што робіць гэта самым дрэнным часам для дэманстрацыі нашых рознагалосьсяў перад публікай».

Адзіны спосаб зьмякчыць праблемы бясьпекі на беларускай АЭС — гэта «паскорыць праект сынхранізацыі», дадаў Тата.

  • Эстонія, Латвія і Літва рыхтуюцца да пераходу з савецкай электрычнай сеткі BRELL, якая кантралюецца Масквой і ўключае ў сябе Беларусь. Да 2025 году краіны Балтыі павінны злучыцца праз Польшчу з кантынэнтальнай эўрапейскай сеткай.

Між тым, паводле Татара, увядзеньне забароны на беларускі атамны імпарт тэхнічна «надзвычай складанае», паколькі «тэхнічныя патокі залежныя ад законаў фізыкі».

Крытыкі ў Літве кажуць, што будзе цяжка даказаць паходжаньне імпартаванай электраэнэргіі. Нават калі Літва заблякуе гандаль энэргіяй зь Беларусі на яе мяжы, электраэнэргія ўсё ж можа выйсьці на агульны рынак праз Расею.

Тым ня менш міністар энэргетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас кажа, што апэратарам энэргасетак давядзецца ўвесьці працэдуру сэртыфікацыі.

  • Літва заяўляе, што Астравецкая атамная электрастанцыя ў Беларусі, разьмешчаная за 50 кілямэтраў ад Вільні, будуецца з парушэньнем міжнародных стандартаў бясьпекі і зьяўляецца інструмэнтам Масквы для аказаньня ціску на краіны Балтыі і Менск.
  • Беларусь ўсе абвінавачаньні адхіляе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG