Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыніца ў «Росатоме»: Фізычны пуск БелАЭС заплянавалі за два дні да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі


Паводле інфармацыі Свабоды ад крыніц у «Росатоме», «фізычны» пуск Беларускай АЭС заплянавалі на 7 жніўня, за два дні да выбараў прэзыдэнта.

«На гэтай урачыстасьці будуць прысутнічаць дэлегацыі высокага ўзроўню і журналісты, запрошаныя выключна беларускім бокам. Беларускі ўрад арганізуе ўсё гэтае мерапрыемства, гэтым разам „Росатом“ ня зможа запрасіць прэсу са свайго боку».

«„Росатом“ будзе ладзіць так званы „энэргетычны“ пуск станцыі прыблізна праз 90 дзён, тэарэтычна бліжэй да новага году», — паведамілі крыніцы ў кампаніі, але таксама дадалі, што ўдзел у гэтай імпрэзе будзе залежаць ад эпідэмічнай сытуацыі і згоды беларускіх уладаў.

«Росатом» працягвае працаваць паводле зацьверджанай праграмы будаўніцтва і залежыць на кожным этапе ад прыёмкі беларускім бокам.

Афіцыйнага пацьвярджэньня даты «фізычнага пуску» Беларускай АЭС пакуль ня мае ні кіраўніцтва «Росатома», ні дырэкцыя БелАЭС.

Аднак, у Міністэрстве энэргетыкі дзяржаўнаму інфармагенцтву БелТА паведамілі 4 жніўня, што пачатак апэрацый па фізычным пуску першага энэргаблёку Беларускай АЭС «плянуецца ў бліжэйшыя дні»

«Падрыхтаваныя тэхналягічныя сыстэмы і абсталяваньне для пачатку фізычнага пуску, праведзеныя іх выпрабаваньні, пэрсанал БелАЭС падрыхтаваны і прайшоў неабходныя трэніроўкі для выкананьня апэрацый па загрузцы паліва», — праінфармавала прэс-сакратарка міністэрства Вольга Казловіч.

Начальнік аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў БелАЭС Эдуард Сьвірыд у размове з карэспандэнтам Свабоды сказаў, што «першы раз чуе пра такія пляны». У маскоўскай штаб-кватэры «Росатома» таксама адзначылі, што на 7 жніўня ў іхным календары «нічога не заплянавана».

Раней ішла размова пра пуск у першай дэкадзе жніўня.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзіцца пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, у 22 км ад мяжы зь Літвой, у каля 50 км ад Вільні і 125 км ад Менску.
  • Запуск першага энэргаблёку заплянаваны на ліпень 2020 году, другога — на 2021 год. Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі, першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Аляксандар Лукашэнка пазьней заявіў, што тэрміны сарвала Расея.
  • Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту ў Расеі працуюць блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2.
  • Астравецкая АЭС узводзіцца расейцамі — дзяржаўнай кампаніяй «Росатом» — за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплёатацыю АЭС, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Замежных пакупнікоў энэргіі зь БелАЭС не знайшлі. Беларусь вырабляе дастаткова электраэнэргіі для ўласных патрэбаў і без АЭС, Літву і Эстонію можа падтрымаць Латвія (хоць і не зьбіраецца ўводзіць эмбарга), Украіна адмовілася ад любой электраэнэргіі зь Беларусі, Польшча зьбіраецца будаваць уласную АЭС, таксама як Фінляндыя.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • Запуск БелАЭС плянуецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу. На пляцоўцы зафіксавалі каля 100 выпадкаў заражэньня рабочых, «Росатом» узмацніў захады бясьпекі. Эколягі абвінавацілі Дэпартамэнт ядзернай бясьпекі ў бязьдзеяньні ў сувязі з каранавірусам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG