Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны катэгарычна супраць імпарту электраэнэргіі зь Беларусі, заявіла выконаўца абавязкаў міністра Вольга Буславец.
Адказваючы на пытаньні журналістаў, яна паведаміла, што ў 2020–2021 гадах няма неабходнасьці ў імпарце электраэнэргіі. Урад Украіны ўжо падтрымаў ініцыятыву Мінэнэрга, згодна зь якой будзе ўстаноўлена забарона на імпарт элэктрычнай энэргіі зь Беларусі і Расеі.
Па словах Буславец, Украіна выконвае пляны сынхранізацыі сваёй энэргасыстэмы з эўрапейскай, спасылаецца на прэс-службу ведамства БелаПАН.
«Мы ўзялі курс на эўрапейскую інтэграцыю, а менавіта — на поўную тэхнічную сынхранізацыю з эўрапейскімі энэргетычнымі сыстэмамі. Для выкананьня плянаў у 2022 годзе трэба правесьці адпаведнае тэставаньне, на час якога неабходна наогул адлучыцца ад энэргасыстэмаў Расеі і Беларусі», — сказала Буславец.
На яе думку, імпарт электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі зьяўляецца перашкодай для рэалізацыі плянаў Украіны сынхранізаваць нацыянальную энэргасыстэму з эўрапейскай.
Раней пра сваё нежаданьне купляць электраэнэргію, якая будзе выпрацоўвацца БелАЭС, неаднаразова заяўляла Літва. Прэм’ер-міністар гэтай краіны Саўлюс Сквярняліс заклікаў Латвію і Эстонію адмовіцца ад куплі электраэнергіі, якая будзе выпрацоўвацца ў Астраўцы.