Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўрадзе Беларусі прыдумалі, як спажываць 15,5% энэргіі з АЭС у Астраўцы


Першыя вучэньні на Беларускай АЭС, архіўнае фота
Першыя вучэньні на Беларускай АЭС, архіўнае фота

Дырэктар дэпартамэнту энэргаэфэктыўнасьці Камітэту дзяржаўнай стандартызацыі Беларусі Міхаіл Малашанка расказаў 23 ліпеня, што ў Беларусі заплянаваныя захады, каб падвысіць энэргаспажываньне на 2,8 млрд кіляват-гадзін на год да 2025 году, піша БелаПАН.

Плян ужо выконваецца, заявіў Малашанка, і агулам прадугледжаныя 178 мерапрыемстваў, у ліку якіх мадэрнізацыя дзейных і запуск новых вытворчасьцяў. Як прыклад ён назваў прадпрыемствы «Белнафтахіму», у тым ліку Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, а таксама «Гродна Азот», Беларускі мэталюргічны завод.

Ёсьць і захады, не прадугледжаныя плянам, якія прывядуць да пажаданага эфэкту: адмова ад выкарыстаньня прыроднага газу, устаноўка высокачастотных печаў у кавальскіх цэхах і цэхах апрацоўкі мэталаў, укараненьне індукцыйных печаў і інфрачырвоных сыстэмаў абагрэву — усё гэта можна ўкараніць на двух дзясятках прадпрыемстваў.

Дзяржава гатовая замяніць усе энэргетычна неэфэктыўныя крыніцы, на якіх сабекошт адной гігакалёрыі пры вытворчасьці цяпла складае больш за 100 рублёў, дадаў Малашанка, у тым ліку «асобныя энэргакрыніцы з выкарыстаньнем дрывянога паліва, мазуту, пячнога і бытавога вугалю». Замест іх, адзначыў ён, прапануецца выкарыстоўваць кампрэсійныя цеплавыя помпы, якія працуюць на электрычнасьці і дазволяць вырабляць адну гігакалёрыю цяпла за 40–50 рублёў.

Разьлікі пляну ня ўлічваюць падвышэньня спажываньня электрычнасьці ад магчымага разьвіцьця электратранспарту, якога чакаюць пасьля запуску БелАЭС.

За мінулы год у Беларусі спажылі 37,93 млрд кВт•гдз электрычнасьці, а ў 2025 годзе плянуюць спажыць 43,734 млрд кВт•гдз.

Ад БелАЭС пасьля запуску двух рэактараў чакаюць каля 18 млрд кВт•гдз на год — амаль палову таго, што Беларусь спажывае цяпер, і ў шэсьць з паловай разоў больш, чым прадумалі ў пляне. Замежных пакупнікоў на электрычнасьць зь БелАЭС пакуль не знайшлі.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG