Беларусь аднавіла імпарт электраэнэргіі з Украіны напярэдадні пуску сваёй АЭС 

У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі пацьвердзілі аднаўленьне імпарту электраэнэргіі з Украіны.

«Гаворка аб узаемавыгадным супрацоўніцтве на парытэтнай аснове, калі пры тэхнічнай магчымасьці і эканамічнай мэтазгоднасьці ажыцьцяўляюцца ўзаемавыгадныя пастаўкі электраэнэргіі», — спасылаецца Інтэрфакс на прадстаўніцу ведамства Вольгу Казловіч.

Напярэдадні прэс-служба ўкраінскай карпарацыі «Енергоатом» паведаміла, што Ўкраіна аднавіла экспарт электраэнэргіі ў Беларусь, які быў прыпынены 1 кастрычніка 2014 году. Тады гэты крок тлумачыўся дэфіцытам электраэнэргіі для ўнутраных патрэбаў.

Ад 2018 году Беларусь пасьля мадэрнізацыі энэргасыстэмы пачала экспартаваць электраэнэргію, у тым ліку ва Ўкраіну і краіны Балтыі. Летась генэральны дырэктар «Белэнэрга» Павал Дрозд заявіў, што ў Беларусі ёсьць магчымасьці пастаўляць ва Ўкраіну 5–6 млрд кВт/гадзін электраэнэргіі штогод. У цэлым экспарт беларускай электраэнэргіі па выніках 2019 году склаў 2,35 млрд кВт/гадзін.

Беларускія ўлады анансавалі, што ўжо ў жніўні адбудзецца фізычны пуск першага энэргаблёку атамнай электрастанцыі, якая ўзводзіцца ў Астраўцы на Горадзеншчыне паводле праекту расейскай карпарацыі «Росатом».

​
XS
SM
MD
LG