На дыстанцыйным пасяджэньні Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады 19 траўня кіраўнікі дзяржаў ЭАЭС не змаглі канчаткова прыняць праект «Стратэгічных напрамкаў эканамічнага разьвіцьця эўразійскай інтэграцыі да 2025 году».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Паводле прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, праект «агулам ухвалілі», але накіравалі на дапрацоўку, дамовіліся абмеркаваць яго «ў іншым фармаце і ў іншы час».
На паседжаньні абмяркоўвалі дзесяць пытаньняў. Неўрэгуляваным засталося цэнаўтварэньне на паслугі транспартаваньня газу на «агульным рынку» ЭАЭС. Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін адхіліў прапановы «беларускіх і армянскіх сяброў» (у паседжаньні таксама браў удзел прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян) наконт адзінага тарыфу. Паводле Пуціна, «гэта можа быць рэалізавана толькі на адзіным рынку з адзіным бюджэтам і адзінай сыстэмай падаткаабкладаньня».
Прапанову дапрацаваць «шэраг пытаньняў», паводле прэс-службы Лукашэнкі, агучыў іншы бок — кіраўнік Казахстану Касым-Жамарт Такаеў. Ён прапанаваў «не сьпяшацца» з прыняцьцем «стратэгічных напрамкаў» і абмеркаваць іх пазьней — «магчыма, і ў вочным фармаце». Лукашэнка падтрымаў яго, бо дакумэнт «ня мае тэрміновых да рэалізацыі прапановаў» і «сьпяшацца няма куды» па ўсіх пунктах, акрамя газу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пуцін адмовіў Лукашэнку: Расея ня будзе зьніжаць тарыфы на транспартаваньне газуБеларускі палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман назваў у сваім Telegram-канале такія вынікі «пераломным момантам» у Эўразійскім саюзе. На ягоную думку, Расея распаўсюдзіла на Эўразійскі саюз «лёгіку, зь якой прыйшла да Беларусі ў канцы 2018 году: або канфэдэрацыя, або прэфэрэнцый ня будзе».
Аглядальнік расшыфроўвае словы Пуціна так: Расея «разумее адзіны рынак газу як стварэньне наднацыянальных органаў, і то глыбейшых, чым у Эўразьвязе, дзе няма адзінага бюджэту і падаткаабкладаньня». Ніводная краіна ЭАЭС на гэта ня пойдзе, перакананы ён. Праз гэта ЭАЭС, мяркуе Шрайбман, «становіцца на той жа шлях дэзынтэграцыі, што і ў „саюзнай дзяржаве“».