«Дзень яднаньня Беларусі і Расеі» не сьвяткуюць ні ў Менску, ні ў Маскве
Архіўнае фота
На 2 красавіка, да чарговай гадавіны падпісаньня саюзнай дамовы Расеі і Беларусі 1999 году, плянаваліся ўрачыстыя сходы і прэсавая канфэрэнцыя выканаўчага сакратара так званай «саюзнай дзяржавы» Грыгорыя Рапоты. Але з прычыны пандэміі ўсё гэта скасавалі. Зь віншаваньнямі пакуль выступіў толькі беларускі бок.
Абноўлена: толькі ў 10 гадзінаў раніцы на сайце Крамлю было апублікаванае віншаваньне ад імя Ўладзіміра Пуціна.
«Намі зроблена вялікая праца. Але яшчэ шмат чаго трэба зрабіць на шляху раўнапраўнай узаемавыгаднай інтэграцыі і ўмацаваньня „саюзнай дзяржавы“», — гаворыцца ў звароце, які публікуе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.
Уладзімір Пуцін у сваім віншаванні заявіў: «Нашым краінам удалося наладзіць узаемавыгадныя інтэграцыйныя мэханізмы, істотна ўмацаваць двухбаковае супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, гуманітарнай і іншых сфэрах».
«Дзень яднаньня — не чырвоны дзень календара. Таму што працы ў нас шмат, і давайце рабіць яе разам», — гаворыцца ў звароце выканаўчага сакратара «саюзнай дзяржавы» Рыгора Рапоты.