Reuters: Пастаўкі нафты з Расеі ў Беларусь на мяжы зрыву з прычыны новых рознагалосьсяў
Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, ілюстрацыйнае фота
Пачатак паставак нафты з Расеі ў Беларусь у красавіку пад пагрозай зрыву, паколькі найбуйнейшыя расейскія кампаніі да гэтага часу не падпісалі дамовы з «Белнафтахімам» з прычыны захаваньня рознагалосьсяў, паведамілі агенцтву Reuters чатыры крыніцы ў галіне.
Менск хоча большую частку аб’ёму атрымліваць па-ранейшаму ад групы кампаній «Сафмар» расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева, а расейскія кампаніі настойваюць на прынцыпе роўнадаступнасьці, які мае пад сабой экспарт у кожным накірунку ў адпаведнасьці са здабычай вытворцы, удакладнілі крыніцы.
Паводле стане на 16:00 па беларускім часе перамовы працягваліся і ў агенцтва не было інфармацыі аб дасягнутай дамоўленасьці.
Беларусь ад канца 2019 году вядзе перамовы з буйнымі расейскімі нафтавымі кампаніямі аб умовах пастаўкі сыравіны на беларускія НПЗ. Пакуль пастаўкі абмежаваныя вузкім колам малых кампаній і зьнізіліся па выніках студзеня-лютага на 76%, да 719 тысяч тон.
У гэтай сытуацыі Беларусь пачала альтэрнатыўны імпарт нафты — праз порт Клайпеды чыгункаю на наваполацкі «Нафтан» і праз порт Адэсы на Мазырскі НПЗ праз нафтаправод Адэса — Броды і адтуль у Мазыр. У сакавіку пастаўкі танкернай нафты складуць 570 тысяч тон.
24 сакавіка прэмʼер-міністар Беларусі Сяргей Румас заявіў, што Расея ўзгадніла прапанаваныя Менскам ўмовы пастаўкі нафты: расейскія нафтавыя кампаніі дэ-факта будуць пастаўляць нафту ў Беларусь бяз прэміі, дадаючы, што частка прэміі кампэнсуе ім урад Расеі за кошт міжбюджэтных разьлікаў.
Аднак у расейскім Міністэрстве фінансаў заявілі, што не вядуць ніякіх работ па кампэнсацыі расейскім кампаніям пры пастаўках імі нафты ў Беларусь і не знаёмае з такімі плянамі.