Расейскія кампаніі будуць пастаўляць нафту ў Беларусь бяз прэміі, паведаміў 24 сакавіка журналістам прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас, якога цытуе БелТА.
Паводле Румаса, Беларусь з канца мінулага году вяла перамовы аб тым, што расейскія кампаніі павінны пастаўляць нафту на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы бяз прэміі, і літаральна 21 сакавіка такая дамоўленасьць з расейскім урадам была дасягнутая.
Паводле ягоных словаў, прэмія для расейскіх пастаўшчыкоў нафты складала 11,7 даляра.
«З гэтай прэміі 7 даляраў зьніжаюць кампаніі. Гэта значыць кампаніі будуць пастаўляць нафту з прэміяй 4,7 даляраў. Яны будуць урэгуляваныя міжбюджэтнымі разьлікамі. То бок урад Расейскай Фэдэрацыі возьме гэтыя $ 4,7 на сябе», — растлумачыў прэмʼер-міністар Беларусі.
Ён адзначыў, што «Роснефть», як і іншыя расейскія кампаніі, не пагаджалася пастаўляць нафту бяз прэміі, а настойвала на поўнай цане.
«Беларусь будзе выбіраць нафтавыя кампаніі, якія прапануюць лепшыя ўмовы па пастаўцы нафты. Напрыклад, дадуць вялікую адтэрміноўку выплаты. Таму яшчэ далёка ня факт, што „Роснефть“ апынецца ў ліку пастаўшчыкоў. Мы ў першую чаргу будзем аддаваць прыярытэт тым кампаніям, якія ў складаны для нас час (першы квартал) пастаўлялі нафту бяз прэміі. Гэта кампаніі Гуцэрыева, невялікія кампаніі», — заявіў Румас.
Раней у расейскай кампаніі «Роснефть» заявілі, што прынялі рашэньне аб аднаўленьні паставак нафты ў Беларусь «менавіта на тых умовах, якія мы першапачаткова прапаноўвалі беларускаму боку, гэта значыць з прэміяй 5 даляраў за тону».
Беларусь ад канца 2019 году вядзе перамовы з буйнымі расейскімі нафтавымі кампаніямі аб умовах пастаўкі сыравіны на беларускія НПЗ. Пакуль пастаўкі абмежаваныя вузкім колам малых кампаній і зьнізіліся па выніках студзеня-лютага на 76%, да 719 тысяч тон.
У гэтай сытуацыі Беларусь пачала альтэрнатыўны імпарт нафты — праз порт Клайпеды чыгункаю на наваполацкі «Нафтан» і праз порт Адэсы на Мазырскі НПЗ праз нафтаправод Адэса — Броды і адтуль у Мазыр. У сакавіку пастаўкі танкернай нафты складуць 570 тысяч тон.