Сіўчыка трэці раз асудзілі на 15 сутак за сьнежаньскія акцыі пратэсту
Вячаслаў Сіўчык на акцыі супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй у Менску, 29 сьнежня 2019 году
Судзьдзя Партызанскага раёну Менску Натальля Дзядкова прысудзіла лідэру руху салідарнасьці «Разам» Вячаславу Сіўчыку новыя 15 сутак арышту, піша актывістка Алена Талстая.
Сіўчыка абвінавацілі ў «парушэньні парадку правядзеньня масавага мерапрыемства» за акцыю пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі, якая прайшла 21 сьнежня 2019 году
Гэта ўжо трэція 15 сутак арышту, якія Сіўчыку прысудзілі ў Партызанскім раённым судзе за леташнія сьнежаньскія акцыі (мінулыя два прысуды — ад судзьдзі Анатоля Барысёнка). Але магчыма, што гэтыя суткі не апошнія: наступнае паседжаньне адбудзецца там жа 24 лютага.
Мінулыядва прысуды Сіўчыку адкладалі больш як на месяц, бо падсудны знаходзіўся за мяжой. Але ў выніку актывіста ўсё роўна асудзілі завочна. Ён лічыў, што пракурор сам мусіў бы абскардзіць такія прысуды.
У пачатку мінулага тыдня ў дачыненьні Сіўчыка спынілі дзьве адміністрацыйныя справы за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах — выйшлі тэрміны даўнасьці правапарушэньняў.
Раней за сьнежаньскія акцыі прысудзілі сумарна больш як год арыштаў, звыш 100 тысяч рублёў штрафаў. Кампанія #BY_help 10 студзеня абвясьціла збор сродкаў на дапамогу аштрафаваным і арыштаваным удзельнікам акцыяў супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі.