За акцыі ў абарону незалежнасьці Беларусі за апошнія дні прысудзілі звыш 16 тысячаў рублёў штрафаў. Прынамсі 11 чалавек асуджаныя на адміністрацыйны арышт.
Новы год за кратамі сустрэнуць:
- Яўген Афнагель (актывіст «Эўрапейскай Беларусі») — выйдзе на волю 2 студзеня — 15 дзён арышту, судзьдзя невядомы.
- Максім Вінярскі (актывіст «Эўрапейскай Беларусі») — выйдзе на волю 2 студзеня — 15 дзён арышту, судзьдзя невядомы.
- Леанід Кулакоў (актывіст «Эўрапейскай Беларусі») — выйдзе на волю 6 студзеня — 10 дзён арышту і штрафы на 2550 рублёў, судзьдзя Анастасія Ляйкоўская.
- Павал Севярынец (сустаршыня аргкамітэту партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя) — выйдзе на волю 10 студзеня — 15 дзён арышту, судзьдзя Сяргей Шаціла.
- Дзяніс Урбановіч (кіраўнік «Маладога фронту») — выйдзе на волю 2 студзеня — 15 дзён арышту, судзьдзя на гэты момант невядомы.
- Максім Урбановіч (актывіст «Маладога фронту») — выйдзе на волю 11 студзеня (чакаюцца яшчэ два суды) — 15 дзён арышту, судзьдзя невядомы.
- Сяргей Ціханоўскі (блогер, Youtube-канал «Страна для жизни») — выйдзе на волю 11 студзеня — 15 дзён арышту, судзьдзя Алена Шайн.
- Алесь Чахольскі (адказны сакратар управы КХП-БНФ) — выйдзе на волю 10 студзеня — 15 дзён арышту, судзьдзя невядомы.
- Стась Шашок (актывіст Legalize Belarus) — выйдзе на волю 10 студзеня — 15 дзён арышту, судзьдзя Тацяна Мотыль.
Усе, акрамя Ціханоўскага, адбываюць кару ў менскім цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (можна пісаць на адрас 1-ы завулак Акрэсьціна, д. 36, 220089, г. Менск). Ціханоўскі — у гомельскім ізалятары часовага ўтрыманьня (Міжгародняя вул., д. 26, 246027, г. Гомель).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У «Амэрыканцы» кока-кола ў кубачках, а на «Акрэсьціна» — мандарынкі. Як сьвяткавалі Новы год за кратамі
Можа сустрэць Новы год за кратамі
- Зьміцер Казлоў (блогер, Youtube-канал «Серый кот») — асуджаны на невядомы тэрмін, знаходзіцца ў ізалятары ў Воршы, чакаецца яшчэ адзін суд.
Выйдзе на волю 31 сьнежня
- Алена Талстая (сустаршыня Руху салідарнасьці «Разам») — асуджаная на 5 дзён арышту і 1275 рублёў штрафу, судзьдзя Тацяна Мотыль.
Акрамя таго, некалькі судоў за акцыі пратэсту адкладзеныя на студзень — судзіць маюць у тым ліку пісьменьнікаў Уладзімера Арлова і Ўладзімера Някляева, мовазнаўцу і дыплямата Пётру Садоўскага, старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова ды іншых.
31 сьнежня адбудуцца суды над Максімам Урбановічам і Андрэем Хранковым.