У Генпракуратуру паскардзіліся на выкраданьне «людзьмі ў цывільным» праціўніка будаўніцтва акумулятарнага заводу
Дзьмітрый Бекалюк на акцыі супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці, 7 красавіка
Жонка берасьцейскага актывіста Дзьмітрыя Бекалюка Тацяна 3 траўня падала ў Генэральную пракуратуру скаргу на «гвалтоўнае зьнікненьне» мужа, піша БелаПАН.
У скарзе адзначаецца, што 27 красавіка каля 11:38 тры чалавекі ў цывільным адзеньні (меркавана, супрацоўнікі Ленінскага РАУС) затрымаліДзьмітрыя Бекалюка, пасадзілі ў машыну і зьвезьлі.
Але пасьля затрыманьня Тацяна Бекалюк некалькі гадзінаў безпасьпяхова спрабавала высьветліць, дзе яе муж, а ва ўсіх раённых аддзелах міліцыі ёй адказвалі, што такога да іх не дастаўлялі. Таксама Дзьмітрыя не знайшлі адвакат і сябры.
Толькі а 14:20 Тацяна даведалася, што ейны муж у ізалятары часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС (у якім казалі, што такога да іх не дастаўлялі).
Нягледзячы на затрыманьні, на наступны дзень берасьцейцы выйшлі на штотыднёвую акцыю пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.
На Бекалюка склалі пратакол за «парушэньне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў», 29 красавіка пачаўся суд, але калі абвінавачаны папрасіў азнаёміцца з матэрыяламі справы, наступнае паседжаньне прызначылі на 11 траўня, затрыманага вызвалілі. Гэта было яго чацьвёртае затрыманьне за красавік.
Тацяна Бекалюк просіць Генпракуратуру прыняць меры, каб такіх «гвалтоўных зьнікненьняў» не было ў будучыні: абавязаць міліцыянтаў інфармваць родзічаў затрыманага, ня ўтойваць зьвесткі пра затрыманьне ці арышт.