Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіча асудзілі на 15 сутак за заклік да малебну

абноўлена

Мікола Статкевіч у судзе, 9 красавіка

Затрыманага 7 красавіка каля дома Міколу Статкевіча, які зьбіраўся на малітву за Курапаты да Сьвята-Духавага сабора пасьля зносу крыжоў у мэмарыяле, судзілі раніцай 9 красавіка.

Суд над Статкевічам доўжыўся 5 хвілінаў. Судзьдзя Вікторыя Шабуня вынесла рашэньне: 15 сутак арышту.

Мікола Статкевіч адмовіўся ўдзельнічаць, заявіў судзьдзі адвод, але яна не пагадзілася. Суд адбываўся за нібыта заклік да несанкцыянаванай акцыі (арт. 23.34 КаАП РБ), Статкевіч абурыўся: «Якая акцыя, гэта ж была малітва!»

Да заканчэньня працэсу ён пасьпеў заклікаць зноў маліцца ў нядзелю ля катэдральнага сабору, выгукнуць «Жыве Беларусь!»

Некалькі дзён каля ягонага дому ў Лошыцы дзяжурылі тры мікрааўтобусы. У нядзелю раніцай, калі Статкевіч сядаў у аўтамабіль, яго схапілі людзі ў цывільным і павезьлі ў Цэнтральны РУУС Менску.

Удзень у нядзелю яго зьмясьцілі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. Прычым раніцай у панядзелак у ЦІПе не хацелі прымаць перадачу, якую прывезла жонка Марына Адамовіч: «Яго зараз павязуць у суд, навошта яму торбы?» – казалі ахоўнікі. У панядзелак Статкевіча ў суд так і не прывезьлі.

У аўторак а 5-й раніцы Міколу Статкевіча тайна вывезьлі з Акрэсьціна ў Цэнтральны РУУС, пратрымалі там у «стакане» да 8-й раніцы і павезьлі ў суд Цэнтральнага раёну.

Амаль адначасова са Статкевічам актывіста Максіма Вінярскага асудзілі за заклік на той жа малебен на 13 сутак.

***

Беларускі закон «Аб масавых мерапрыемствах» не рэгулюе рэлігійную дзейнасьць, да якой адносяцца малітоўныя сходы. Закон «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» тымчасам забараняе перашкаджаць рэлігійным абрадам як у культавых пабудовах і на іхных тэрыторыях, так і ў месцах паломніцтва або на могілках.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG