Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Менску маліліся за Курапаты. Затрыманы Статкевіч. ФОТА, ВІДЭА

абноўлена

Лідэр «Беларускага нацыянальнага кангрэсу» Мікола Статкевіч заклікаў вернікаў на малітву за Курапаты 7 красавіка, а 12-й гадзіне ля Менскага Сьвята-Духавага катэдральнага сабору. Сабраліся каля дзьвюх сотняў чалавек, самога Статкевіча затрымалі да пачатку малебну. Мітрапаліт Павел заклікаў вернікаў ня ўдзельнічаць у акцыі-малебне.

Апоўдні на плошчы перад саборам сабраліся актывісты, у ліку якіх паэт Уладзімер Някляеў. Ён падкрэсьліў, што прыйшоў маліцца ня як палітык: маўляў, у 2015 годзе выйшаў з апазыцыйных рухаў, але ня можа «выйсьці з самаго сябе, свайго сумленьня, сваіх прынцыпаў, сваёй веры».

Як расказала жонка Міколы Статкевіча, ён затрыманы АМАП-ам і «людзьмі ў цывільным» за заклік на малітву на выхадзе з дому. Марына Статкевіч тэлефанавала ў Цэнтральнае РУУС, там ёй паведамілі, што ейнага мужа павезьлі ў ізалятар на завулку Акрэсьціна.

Паплечнік Статкевіча Сяргей Спарыш зачытаў ягоны зварот — кажа, той ведаў, што яго затрымаюць. Статкевіч згадаў абыякавасьць бальшыні да «падатку на дармаедаў», падвышэньня пэнсійнага ўзросту і іншых сацыяльных праблемаў, але нагадаў, што «ўсе мы ў адной бядзе», а «апаганьваньне хрысьціянскага крыжа гэта абраза ўсяго народу, нашай памяці і нашых продкаў». Сам Спарыш адзначыў, што ён атэіст, але салідарны зь вернікамі, якіх абразіў знос крыжоў у Курапатах.

Некаторыя актывісты выйшлі на плошчу з крыжамі, некаторыя — зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Супрацоўнік міліцыі папярэдзіў прысутных, што акцыя нібыта не санкцыянаваная, яму адказалі, што санкцыянаваць малебны ня трэба. Ля сабору затрыманьняў не адбылося, але прысутных здымалі на камэры «людзі ў цывільным».

Малітву распачаў айцец Вікенці — ераманах Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, не прызнанай уладамі і памеснымі праваслаўнымі цэрквамі. Сьвятары БПЦ Маскоўскага патрыярхату да людзей ля сабору не выходзяць.

У час акцыі-малебну ў самім саборы ішла афіцыйная літургія. У сваёй казані, як піша БелаПАН, мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел заклікаў вернікаў ня ўдзельнічаць у малітве на вуліцы, маўляў, «хай тыя, хто займаюцца палітыкай, займаюцца палітыкай, а мы тут займаемся ратаваньнем душы і молімся аб дараваньні грахоў».

Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель заклікаў прысутных прыходзіць і ў Курапаты на малітвы, што ладзяцца там штовечар а 19-й гадзіне.

Каля 12:45 некалькі дзясяткаў людзей рушылі да каталіцкага Архікатэдральнага касьцёлу імя Найсьвяцейшай Панны Марыі. Сьвятары Аўтакефальнай праваслаўнай царквы прачыталі малітву і там.

Паводле БелаПАН, перад пачаткам малебну каля Сьвята-духавага сабору былі затрыманыя актывісты Андрэй Шарэнда і Арцём Чарняк. Інфармацыя пра затрыманьне Шарэнды пазьней не пацьвердзілася.

Каля 14:00 некаторыя ўдзельнікі акцыі-малебну пачалі маліцца ўжо ў Курапатах. Сярод іх Леанід Кулакоў, якога ў тралейбусе суправаджалі «людзі ў цывільным», але не затрымалі.

Малітвы правяць у сувязі са зносам крыжоў у Курапатах. У дзень зносу ў самім мэмарыяле прайшоў крыжовы шлях і малебен, на наступны дзень за курапацкія крыжы маліліся ў Друі.

Праваслаўныя вернікі 7 красавіка адзначаюць адно з галоўных хрысьціянскіх сьвятаў, Дабравешчаньне — дзень, калі, паводле эвангельскага паданьня, Божая маці даведалася ад арханёла Гаўрыіла, што яна народзіць Бога-сына.

Беларускі закон «Аб масавых мерапрыемствах» не рэгулюе рэлігійную дзейнасьць, да якой адносяцца малітоўныя сходы. Закон «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» тымчасам забараняе перашкаджаць рэлігійным абрадам як у культавых пабудовах і на іхных тэрыторыях, так і ў месцах паломніцтва або на могілках.

Курапаты афіцыйна прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасьцю як «месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930–1940-х гадоў». Там пахаваныя дзясяткі, калі ня сотні тысячаў чалавек — дакладная колькасьць невядомая, архівы НКВД і КДБ дагэтуль не раскрытыя.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі

Асноўнае пра Курапаты

Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму

Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў

«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі

Картатэка Сталіна

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG