Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грэка-каталікі Беларусі назвалі блюзьнерствам знос крыжоў у Курапатах


Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) блаславіў вернікаў, якія праз строгі пост 5 красавіка і малітвы ў бліжэйшыя дні «бачаць абавязак перапрасіць Бога за гэты блюзьнерчы акт зносу крыжоў у Курапатах».

Такую заяву апублікавала прэс-служба апостальскага візітатара.

У заяве асуджаецца знос крыжоў у Курапатах і падкрэсьліваецца, што «Курапаты гэта месца памяці пацярпелых людзей усіх нацыянальнасьцяў і рэлігій, месца болю для многіх беларускіх грамадзянаў, продкі якіх пацярпелі ад жахлівых і несправядлівых сталінскіх рэпрэсій».

Таксама грэка-каталікі выказалі салідарнасьць з заявай арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які заклікаў адказных за знос крыжоў «тэрмінова спыніць гэтыя дзеяньні і шляхам дыялёгу розных палітычных і грамадзкіх сіл з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнаньняў распачаць працэс урэгуляваньня сытуацыі».

4 красавіка ў Курапатах дэмантавалі і вывезьлі 70 крыжоў (паводле інфармацыі Зьмітра Дашкевіча). 15 абаронцаў Курапат затрымала міліцыя, а сам мэмарыял ачапілі. Увечары частку актывістаў выпусьцілі з адміністрацыйнымі пратаколамі і будуць судзіць.

Каля 12-й гадзіны дня пачалі ставіць мэталічную агароджу мэмарыялу, гэтым займаюцца будаўнікі з Заслаўя. Хто прыняў рашэньне пра дэмантаж 70 крыжоў, куды іх вывезьлі і што зь імі будзе далей, невядома. У Міністэрстве лясной гаспадаркі сьцьвярджаюць, што крыжы паставілі незаконна.

Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG