Эўрапейскі зьвяз забараніў турэцкай авіякампаніі Southwind Airlines лятаць праз Эўропу, паведаміла выданьне Turizm Guncel.
Брусэль у чацьвер 28 сакавіка аб’явіў сваім членам, што Southwind Airlines (афіцыйная назва Cortex Aviation and Tourism Trade) «забаранілі ўзьлятаць, лётаць і прызямляцца» ў Эўропе ў адпаведнасьці з рэглямэнтам, які рэгулюе санкцыі, зьвязаныя з пачаткам вайны Расеі супраць Украіны. Пра гэта са спысылкай на выданьне піша Telegraf.news.
«Было заяўлена, што дадзеная забарона будзе ўведзена ў дзеяньне неадкладна», — паведаміла турэцкае выданьне. Прычынай там назвалі сувязі кампаніі з Расеяй.
Вядома, што 25 сакавіка 2024 году фінскае агенцтва транспарту і камунікацый забараніла Southwind Airlines выконваць рэйсы ў Фінляндыю. Паводле зьвестак агенцтва, Southwind Airlines «фактычна зьяўляецца расейскай авіякампаніяй, якая спрабуе абысьці санкцыі Эўрапейскага зьвязу супраць Расеі, уведзеныя ў адказ на ваенную агрэсію Расеі супраць Украіны».
Авіякампанія Southwind Airlines афіцыйна заснаваная ў красавіку 2022 году, яна базуецца ў турэцкай Анталіі, каб «прыцягнуць у Турэччыну больш расейскіх турыстаў». Са зьвестак Simple Flying, гэтаму паспрыяў расейскі турапэратар Pegas Touristik. Кампанія зьвязаная з такім бізнэсоўцам як Рамазан Акпынар. Першы камэрцыйны рэйс быў выкананы ў Перм 12 жніўня 2022 году. Першапачаткова кампанія мела самалёты расейскай авіякампаніі Nordwind Airlines.
Хуткасныя рэйсы зь Беларусі
Летась у канцы сьнежня 2023 года Southwind Airlines запусьціла прамыя рэйсы са Стамбулу ў Менск. Турэцкі авіяперавозьнік паведаміў, што асноўнай перавагай стане меншы час у дарозе.
Southwind Airlines мог выкарыстоўваць карацейшы маршрут праз краіны Эўразьвязу, дзякуючы чаму працягласьць пералёту складала каля 3 гадзін.
Нацыянальны беларускі перавозьнік — «Белавія» — вымушана лятаць зь Менску ў Стамбул праз тэрыторыю Расеі, Азэрбайджану і Грузіі, з-за чаго час у дарозе перавышае 5 гадзін.
Як заўважыў праект Motolkohelp, апошні раз самалёт маршрутам Стамбул — Менск ляцеў над тэрыторыяй ЭЗ 28 сакавіка. А ўжо на наступны дзень палёт адбываўся над тэрыторыяй Расеі.
Са старонкі авіякампаніі зьніклі ўсе продажы квіткоў на рэйсы на красавік.