З прычыны заходніх санкцый пэрсанал аэрапорту «Нацыянальны аэрапорт „Мінск“» мусілі перавесьці на чатырохдзённы працоўны тыдзень. Пра гэта расказаў гендырэктар аэрапорту Вячаслаў Харанека.
Паводле яго, цяпер беларуская авіяцыя сутыкаецца зь цяжкасьцямі ў справе паставак новага тэхналягічнага абсталяваньня і абслугоўваньня таго, якое ўжо мае, ёсьць пытаньні і з замежным праграмным забесьпячэньнем.
«Усё гэта падштурхоўвае нас шукаць альтэрнатыўныя шляхі вырашэньня праблем, якія ўзьніклі. Так, з пачатку 2022 году мы пачалі весьці працу па пошуку новых партнэраў-пастаўшчыкоў абсталяваньня з магчымасьцю яго далейшага абслугоўваньня. У частцы імпартазамяшчэньня вядзецца актыўная работа зь беларускімі вытворцамі», — расказаў Вячаслаў Харанека.
Гендырэктар менскага аэрапорту адзначыў, што кіраўніцтва аэрапорту робіць захады, каб зьнізіць затраты, аптымізаваць вытворчыя працэсы, эканоміць на закупках і энэргарэсурсах.
«З прычыны эканамічнай сытуацыі, якая склалася, мы вымушаныя былі пайсьці на такія непапулярныя меры, як увядзеньне прастою на прадпрыемстве для зьменнага пэрсаналу і пераход на 4-дзённы працоўны тыдзень для адміністрацыйных работнікаў», — паведаміў Харанека.
Пасьля інцыдэнту з самалётам RyanAir Эўразьвяз забараніў беларускім авіякампаніям лётаць у аэрапорты ЭЗ і зьдзяйсьняць палёты над тэрыторыяй Эўразьвязу, а эўрапейскія перавозчыкі пачалі аблятаць паветраную прастору Беларусі. Авіякампанія «Белавія» таксама была вымушана вярнуць некаторыя свае самалёты лізінгавым кампаніям і скараціць флёт да 15 самалётаў.