70-гадовы Саленбэргер стаў вядомы пасьля таго, як бясьпечна прызямліў Airbus A320 на рацэ Гудзон у Нью-Ёрку пасьля надзвычайнай сытуацыі ў 2009 годзе.
Раней у гэтым годзе ён заявіў, што Беларусі трэба часова забараніць галасаваць у ICAO з-за вымушанай пасадкі ў Менску ў траўні 2021 году самалёта Ryanair. Пасьля гэтага сілавікі затрымалі журналіста Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыну, грамадзянку Расеі Сафію Сапегу.
«Неабходна зрабіць дадатковыя крокі», — сказаў Саленбэргер у камітэце Сэнату па міжнародных адносінах 29 верасьня падчас слуханьняў па вылучэньні.
Ён адзначыў, што пры пэўных умовах ІСАО можа часова пазбавіць дзяржаву права голасу за парушэньне міжнародных нормаў.
«Мы павінны выкарыстоўваць усе неабходныя рычагі, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасьці», — сказаў пілёт.
Паводле яго слоў, арышт Пратасевіча «дэманструе грубае ігнараваньне міжнародных стандартаў авіяцыйнай бясьпекі».
9 лістапада ІСАО абвясьціла, што даклад аб расьсьледаваньні інцыдэнту ня будзе апублікаваны да наступнай сэсіі ў студзені 2022 года.
Цяпер Пратасевіч і Сапега знаходзяцца пад хатнім арыштам. Пратасевіча абвінавачваюць у арганізацыі акцыяй пратэсту, якія адбыліся пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, яму пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.